MAP

Сход іерархаў Каталіцкіх Усходніх Цэркваў Еўропы Сход іерархаў Каталіцкіх Усходніх Цэркваў Еўропы 

Кардынал Гуджэроці пра выклікі для Усходніх Цэркваў

Прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Цэркваў выступіў у Вене з дакладам пра выклікі, якія стаяць перад Каталіцкімі Усходнімі Цэрквамі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

На пленарным сходзе іерархаў Каталіцкіх Усходніх Цэркваў Еўропы, якое праходзіць у Вене з 8 па 11 верасня 2025 года на тэму "Еднасць у разнастайнасці", кардынал Клаўдыё Гуджэроці прадставіў комплексны аналіз сучасных праблем. Як паведамляе аўстрыйскае каталіцкае агенцтва “Kathpress”, прэфект акрэсліў тры асноўныя палі напружання: паміж Рымам і Усходнімі Цэрквамі, у экуменічных адносінах з праваслаўем і ўнутры саміх Усходніх Цэркваў.

Кардынал нагадаў пра разрыў эўхарыстычнай супольнасці паміж Маскоўскім і Канстантынопальскім патрыярхатамі, а таксама іншымі праваслаўнымі Цэрквамі. "Шматлікія ўнутрыправаслаўныя канфлікты маюць істотны ўплыў на экуменізм", - падкрэсліў Гуджэроці. Ён таксама звярнуў увагу на складаны канфлікт у Афрыцы паміж Масквой і Александрыйскім Патрыярхатам.

На думку кардынала, пэўныя выклікі ўтрымліваюць у сабе таксама адносіны паміж Рымам і Каталіцкімі Усходнімі Цэрквамі. Аднак рымскія спробы празмернага збліжэння Усходніх Касцёлаў да Захаду ўжо пераадолены. У гэтым кантэксце кардынал спаслаўся таксама на “Codex Canonum Ecclesiarum Orientalium” (CCEO) – Кодэкс Канонаў Каталіцкіх Усходніх Цэркваў з 1990 года.

Асаблівую заклапочанасць прэфекта выклікаюць напружанні ўнутры Усходніх Цэркваў, асабліва паміж патрыярхамі і сінодамі на Блізкім Усходзе. "З прычыны драматычных гістарычных і палітычных абставін многія патрыярхі сталі хутчэй свецкімі лідарамі этнічных груп, якія яны прадстаўляюць, чым духоўнымі", - адзначыў з занепакоенасцю кардынал.

"Уражвае, што гэтыя канфлікты матываваны не столькі тэалагічнымі меркаваннямі, колькі фінансавымі, эканамічнымі або палітычнымі фактарамі", - канстатаваў Гуджэроці.

Некаторыя сіноды звяртаюцца непасрэдна да Папы, часта выклікаючы раздражненне асобных патрыярхаў. Кардынал таксама адзначыў скаргі на недастатковую сінадальнасць ва Усходніх Цэрквах і праблему належнага ўцягнення свецкіх у працэс прыняцця рашэнняў.
 

10 верасня 2025, 11:55