Кардынал пра анлайн-місіянерства Касцёла
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У інтэрв'ю аўстрыйскаму штотыднёвіку "Die Furche" арцыбіскуп Люксембурга падкрэсліў неабходнасць адаптацыі касцельнай камунікацыі ва ўмовах узрастаючай секулярызацыі.
Кардынал адзначыў, што 85 працэнтаў маладых людзей 20-30 гадоў, якія прынялі хрост у Францыі сёлета, знайшлі веру праз інтэрнэт-камунікацыю. "Мы недастаткова прысутнічаем у віртуальным свеце. Недастаткова проста трансліраваць Імшу анлайн", - падкрэсліў ён.
"Мы павінны дайсці да свету, гаварыць мовай людзей і слухаць іх", - сказаў кардынал Олерыш. Ён раскрытыкаваў як "правае крыло" Касцёла, якое канцэнтруецца толькі на захаванні формы, так і "левае", дзе каштоўнасці ўжо не звязаны з Богам.
Нягледзячы на прагноз, што "многія парафіі разваляцца" на працягу наступных дзесяці гадоў, кардынал верыць у будучыню каталіцызму ў Еўропе. Ён таксама аптымістычна ацэньвае працэс сінадальнасці і выступае за большую ролю свецкіх вернікаў у жыцці Касцёла.