Прарыў у страхаванні касцельнай маёмасці ў Італіі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Інавацыйнасць праграмы заключаецца ў параметрычным падыходзе: страхавыя выплаты актывуюцца аўтаматычна пры наступленні пэўных умоў (землятрус, паводка) без неабходнасці праводзіць экспертызу пашкоджанняў. Гэта дазваляе парафіям атрымліваць дапамогу неадкладна, без звычайных бюракратычных працэдур, што асабліва важна ў кантэксце павелічэння колькасці экстрэмальных кліматычных з'яў.
"Захаванне нашай спадчыны мае вялікае значэнне, бо яна належыць усім і ўвасабляе нашы карані, - падкрэсліў кардынал Матэа Дзупі, старшыня біскупскай канферэнцыі. - Будынкі – гэта не проста структуры, а частка нашай гісторыі і будучыні. Дамова з “Generali” - важны ўклад у агульнае дабро."
Значнасць гэтай мадэлі выходзіць за межы Італіі. Ва ўмовах кліматычных змен усё больш краін сутыкаюцца з праблемай абароны гістарычнай і рэлігійнай спадчыны. Італьянскі досвед можа стаць прыкладам для біскупскіх канферэнцый іншых краін, якія таксама клапоцяцца пра захаванне каштоўных культавых будынкаў і парафіяльнай маёмасці.
Праграма ахоплівае ўсе 226 італьянскіх дыяцэзій і дэманструе, як супрацоўніцтва паміж касцельнымі структурамі і прыватным бізнесам можа вырашаць грамадскія задачы, спалучаючы захаванне культурнай спадчыны з сучаснымі тэхналагічнымі рашэннямі.