Вена прыме іерархаў Усходніх Цэркваў з Еўропы
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
На запрашэнне кардынала Крыстафа Шонбарна, ардынарыя каталіцкіх Усходніх Цэркваў у Аўстрыі, больш за 65 епіскапаў і агулам 100 удзельнікаў, большасць з якіх грэка-католікі, збяруцца ў Вене для абмеркавання душпастырскіх, тэалагічных і сацыяльна-палітычных пытанняў.
Вена была абрана месцам сустрэчы ў сувязі з 250-годдзем заснавання імператрыцай Марыяй Тэрэзіяй семінарыі "Барбарэум" для кандыдатаў у святарства з Усходніх Цэркваў.
10 верасня іерархі сустрэнуцца з камісарам ЕС Магнусам Брунерам і міністрам Клаўдыяй Плакольм для абмеркавання ўзаемных чаканняў Касцёла і палітыкі. Кульмінацыйным пунктам праграмы стане Боская Літургія ў катэдры святога Стэфана.
У рамках унутраных пытанняў будзе разгледжана магчымасць стварэння "Рады Іерархаў" для паляпшэння інтэграцыі каталіцкіх Усходніх Цэркваў з Паўсюдным Касцёлам у кантэксце сінадальнага працэсу.
Ардынарыят каталіцкіх Усходніх Цэркваў у Аўстрыі налічвае каля 20 тысяч вернікаў, 85 святароў і 35 душпастырскіх цэнтраў. Найбуйнейшым з'яўляецца Украінская Грэка-Каталіцкая Царква.