Жаночыя манаскія супольнасці правядуць Дзень малітвы за мір
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Газа, Судан, Украіна, Гаіці, Дэмакратычная Рэспубліка Конга, Сірыя, М’янма. Раны свету – перад вачыма ўсіх. Абліччы, пазначаныя болем, разбураныя дамы, знішчаныя супольнасці. Найвышэйшы кошт часта плацяць жанчыны і дзеці. Таму Міжнароднае аб’яднанне генеральных настаяцельніц скіроўвае настойлівы заклік: 14 жніўня 2025 года, у вігілію ўрачыстасці Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, адбудзецца Дзень посту і малітвы ў інтэнцыі міру, да ўдзелу ў якім запрашаюцца ўсе манаскія супольнасці і ўсе, хто жадае далучыцца”, - гаворыцца ў прэс-рэлізе, апублікаваным 6 жніўня 2025 года.
“Як жанчыны міру, прысутныя на перыферыях свету і занураныя ў пакуты чалавецтва, мы адчуваем неадкладную патрэбу ўзняць голас, аб’яднаць сэрцы, маліцца і дзейнічаць”, - падкрэсліваецца ў камюніке.
Міжнароднае аб’яднанне генеральных настаяцельніц прапануе тры канкрэтныя крокі: разам памаліцца і паразважаць над Божым словам у святле сучасных войнаў і крызісаў; маліцца аб справядлівасці і прымірэнні, заахвочваючы як касцельныя, так і грамадзянскія ўлады крочыць шляхам міру, раззбраення і абароны правоў чалавека; дзейнічаць у духу салідарнасці, падтрымліваючы тых, хто пакутуе, праз сеткі гасціннасці і гуманітарнай дапамогі.
Дадатковыя матэрыялы і інфармацыя для правядзення Дня посту і малітвы ў інтэнцыі міру даступныя на сайце Міжнароднага аб’яднання генеральных настаяцельніц.