MAP

Арцыбіскуп Пэнья Пара ўзначаліў малітву ў Базіліцы Санта-Марыя-Маджорэ Арцыбіскуп Пэнья Пара ўзначаліў малітву ў Базіліцы Санта-Марыя-Маджорэ 

У Рыме адсвяткавалі ўрачыстасць Маці Божай Снежнай

Санта-Марыя-Маджорэ – гэта месца веры, адкуль кожны вернік выходзіць "з абноўленай упэўненасцю і з добрымі намерамі", - сказаў арцыбіскуп Эдгар Пэнья Пара ў сваёй гаміліі падчас урачыстасці Маці Божай Снежнай.

Vatican News

5 жніўня 2025 года ў Рыме адбылося ўрачыстае святкаванне Маці Божай Снежнай. У гэты ж дзень адзначаецца гадавіна асвячэння аднаго з чатырох вялікіх Папскіх храмаў – Базілікі Санта-Марыя-Маджорэ. Вячэрнюю малітву ўзначаліў арцыбіскуп Эдгар Пэнья Пара, субстытут па агульных пытаннях Дзяржаўнага сакратарыяту.

Цуд снегападу

Іерарх нагадаў пра “цудоўную з’яву” – летні снегапад 5 жніўня 358 года, які, паводле старажытнай традыцыі, акрэсліў перыметр будучай святыні. Гэты дзіўны знак быў дадзены Багародзіцай у сне Папу Ліберыю, рымскаму патрыцыю Джавані і яго жонцы. Услед за гэтым сном адбылася незвычайная з’ява – снегапад у сярэдзіне лета. Ён і паклаў пачатак гісторыі базілікі, якая ўзвышаецца на адным з рымскіх пагоркаў – Эсквілінскім.

Сімвалічны снегапад з купала базілікі нагадаў вернікам пра цуд Маці Божай Снежнай.
Сімвалічны снегапад з купала базілікі нагадаў вернікам пра цуд Маці Божай Снежнай.

Гісторыя базілікі

Арцыбіскуп Пэнья Пара звярнуў увагу на значную ролю базілікі ў жыцці Касцёла. У V стагоддзі, пасля абвяшчэння Марыі Багародзіцай на Эфескім Саборы 431 года, Сікст ІІІ перабудаваў святыню, надаўшы ёй веліч і прысвоіўшы тытул Святой Марыі Вялікай – Санта-Марыя-Маджорэ.

Месца паломніцтва

На працягу стагоддзяў Базіліка Санта-Марыя-Маджорэ была і застаецца месцам марыйнай пабожнасці: пілігрымак, малітвы і адданасці. Вернікі прыходзяць сюды, “каб даверыць Маці Божай сваё існаванне, клопаты, радасці і пакуты, каб наблізіцца да сакрамэнтаў, асабліва споведзі, памаліцца перад абразом Salus Populi Romani, ушанаваць рэліквію Бэтлеемскіх яслей. Людзі знаходзяць тут супакой і вяртаюцца дадому “з абноўленай упэўненасцю і з добрымі намерамі", - падкрэсліў іерарх.

Асаблівае месца для Францішка

Арцыбіскуп Пэнья Пара прыгадаў словы з духоўнага тэстаменту Папы Францішка, у якім ён выказаў жаданне быць пахаваным у гэтай базіліцы – старажытным марыйным санктуарыі, куды ён “накіроўваўся для малітвы на пачатку і ў канцы кожнага апостальскага падарожжа, давяраючы свае намеры Беззаганнай Маці і дзякуючы Ёй за Яе лагодную і мацярынскую апеку”.

Арцыбіскуп Пэнья Пара ў малітве перад магілай Папы Францішка
Арцыбіскуп Пэнья Пара ў малітве перад магілай Папы Францішка
06 жніўня 2025, 11:54