Тыдзень у Беларусі – важнае
Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News
Пілігрымы прыбылі на ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Браслаўскай. У Дыяцэзіяльным санктуарыі Валадаркі Азёраў 22 жніўня 2025 года сустрэлі пешых паломнікаў з Глыбокага і пілігрымаў з іншых мясцін. Пасля канферэнцыі, святой Імшы і набажэнстваў адбылася працэсія з копіяй абраза Маці Божай і ружанцовая малітва, апоўначы – святая Імша, якую ўзначаліў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. Урачыстая Імша ў суботу прайшла з удзелам Апостальскага нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Іньяцыё Чэффаліа.
Семінарыст Міхаіл Вішнеўскі склаў вечныя манаскія абяцанні ў Салезіянскім таварыстве. 16 жніўня 2025 года, у дзень нараджэння святога Яна Боско, у парафіі святога Яна Хрысціцеля ў Мінску семінарыст склаў вечныя манаскія абяцанні чысціні, убоства і паслухмянасці на святой Імшы, якую ўзначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі. На ўрачыстасць сабраліся святары салезіяне, сёстры салезіянкі, супрацоўнікі, аніматары, дзеці і моладзь. Іерарх пажадаў, каб прыклад Міхаіла натхняў многіх маладых людзей адказваць на Божы заклік, а супольнасці падтрымлівалі іх на гэтым шляху і маліліся за новыя і святыя пакліканні.
У гродзенскім касцёле арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч асвяціў фігуры святых Вацлава і Казіміра. 17 жніўня 2025 года ў рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі адбылася святая Імша з асвячэннем новых фігур святых, гістарычныя выявы якіх былі знішчаны ў часы пераследу веры, але адноўлены дзякуючы намаганням ксяндза Антонія Грэмзы, рэктара касцёла, і супольнасці вернікаў. Святую Імшу ўзначаліў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч. Іерарх папрасіў Пана, каб праз заступніцтва святых Вацлава і Казіміра Ён дапамог "людзям ХХІ стагоддзя быць не толькі пілігрымамі надзеі, але і яе носьбітамі праз мужнае абвяшчэнне Божага слова, здольнае змяніць нашыя сэрцы і ўсталяваць так патрэбныя адзінства і спакой".
Біскуп Аляксандр Яшэўскі ўзначаліў адпуст у магілёўскай катэдры. У свята Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, 15 жніўня 2025 года, вернікі Магілёва сабраліся на святой Імшы, якую цэлебраваў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Іерарх заклікаў "ніколі не губляць даверу, нават калі мы здзяйсняем самыя страшныя грахі", захоўваць давер Божай міласэрнасці з дапамогай Марыі, але каб "гэты давер ніколі не станавіўся дзёрзкім", не падштурхоўваў да граху. Свята завяршылася канцэртам жывой музыкі і пачастункам.
Падрыхтавана паводле catholicminsk.by, grodnensis.by і ўласнай інфармацыі.