MAP

2023.05.27   tydzien belarus

Тыдзень у Беларусі – важнае

Парафіяда, мастацкі пленэр, дапамога Caritas – агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

35-годдзе адзначыла Міждыяцэзіяльная вышэйшая духоўная семінарыя ў Гродне. З гэтай нагоды 28 жніўня 2025 года адзін з яе першых выпускнікоў і былы яе рэктар, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, арцыбіскуп Юзаф Станеўскі скіраваў віншаванне. Іерарх падзякаваў тым хто быў ля вытокаў семінарыйнага жыцця, выпускнікам, якіх заклікаў не забываць пра сваю Alma mater, а цяперашнім семінарыстам пажадаў будаваць сваю будучыню і сучаснасць на моцнай скале – Езусе Хрысце.

Caritas Віцебскай дыяцэзіі дапамог набыць падручнікі для ўрокаў рэлігіі. Дзякуючы Нацыянальнаму Caritas Беларусі, рэгіянальная дабрачынная місія дапамагла парафіям дыяцэзіі набыць падручнікі І і ІІ года падрыхтоўкі да Святой Камуніі – усяго 600 падручнікаў на новы навучальны год. Дзякуючы такой падтрымцы больш дзяцей змогуць удзельнічаць у занятках па катэхізісе. Caritas Віцебск аказвае дапамогу розным катэгорыям людзей, аднак, спрыянне выхаванню дзяцей і моладзі на хрысціянскіх каштоўнасцях з’яўляецца прыярытэтным кірункам арганізацыі.

У Гродне праходзіць Парафіяда дзяцей і моладзі дыяцэзіі. 29-30 жніўня 2025 года мерапрыемствы XIII дыяцэзіяльнай Парафіяды ладзяцца ў парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі і на стадыёне ЦСК "Нёман". Сустрэча пачалася са святой Імшы, а аснова Парафіяды – старажытнагрэчаская трыяда "святыня – тэатр – стадыён". У праграму ўключаны біблійны конкурс і конкурс рэлігійнай песні, конкурс малюнка, бег на розныя дыстанцыі, скачкі ў даўжыню, кіданне мяча, бадмінтон, настольны тэніс, шашкі, валейбол, футбол.

У Друі завяршыўся мастацкі пленэр. 24 жніўня 2025 года вынікі сваёй працы мастакі прадэманстравалі падчас выставы, якая была зладжана ў кляштары пры касцёле. Ганаровым госцем імпрэзы стаў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, які ўзначаліў нядзельную Эўхарыстыю і наведаў вернісаж. У пленэры, які ўжо стаў традыцыйным, прымалі ўдзел мастакі з розных куткоў Беларусі, сёлета – 21 творца. Маладыя таленты і знакамітыя майстры працавалі поруч, дзелячыся сваім бачаннем свету і ўменнем перадаваць рэчаіснасць.

Падрыхтавана паводле catholicnews.by, grodnensis.by і ўласнай інфармацыі.
 

30 жніўня 2025, 08:02