MAP

2023.05.27   tydzien belarus

Тыдзень у Беларусі – важнае

Новыя студэнты семінарыі, першыя манаскія абяцанні – агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

У Дудах прайшоў фэст з нагоды ўрачыстасці Унебаўзяцця Панны Марыі. Гэта амаль 500-гадовая традыцыя Іўеўшчыны. Да славутага ласкамі абраза Маці Божай, які захоўваецца ў дудскім касцёле, здаўна прыходзяць шматлікія вернікі з наваколля, выказваюць свае просьбы і падзякі. На ўрачыстасці 15 жніўня 2025 года прыбыла пешая пілігрымка з Іўя.

У гродзенскую семінарыю залічаны 11 новых студэнтаў. 12 жніўня 2025 года ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі прайшоў уступны экзамен, па выніках якога ў навучальную ўстанову прынятыя 7 кандыдатаў з Гродзенскай дыяцэзіі, 2 – з Пінскай дыяцэзіі, па адным хлопцы – з Віцебскай дыяцэзіі і Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Пасля абвяшчэння вынікаў экзамену новыя студэнты разам з біскупам Гродзенскім Уладзімірам Гуляем падзякавалі Богу ў малітве. Кіраўніцтва семінарыі просіць людзей добрай волі маліцца ў інтэнцыі студэнтаў, а таксама аб новых пакліканнях да святарства.

200-годдзе пасвячэння касцёла адзначаюць у Новай Мышы. 16 жніўня 2025 года ў старадаўняй святыні Перамянення Пана ў мястэчку каля Баранавічаў адбылася з гэтай нагоды ўрачыстая святая Імша. Напярэдадні біскуп Пінскі Антоні Дзям'янка запрасіў вернікаў дыяцэзіі на супольную малітву ў Новай Мышы, каб падзякаваць Богу за мясцовую святыню і разам перажываць 100-годдзе з даты заснавання Пінскай дыяцэзіі.

У Гродне сястра назарэтанка прынесла першыя манаскія абяцанні. 9 жніўня 2025 года ў касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі сястра Ружа Врубель з Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта прынесла першыя манаскія абяцанні. Абрад адбыўся на святой Імшы, якую цэлебраваў біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч. Прысутнічалі шматлікія госці: духавенства, назарэтанкі з розных куткоў Беларусі на чале з настаяцельніцай Беларускай правінцыі кангрэгацыі сястрой Філатэяй Ціхановіч, родныя і сябры сястры Ружы.

Падрыхтавана паводле pinskdiocese.by, grodnensis.by і ўласнай інфармацыі.
 

16 жніўня 2025, 08:50