Тыдзень у Беларусі – важнае
Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News
Урачыстасці ў гонар Маці Божай Каралевы Палесся прайшлі ў Лагішыне. 8-9 жніўня 2025 года традыцыйныя дыяцэзіяльныя ўрачыстасці сабралі сотні пілігрымаў з розных куткоў Пінскай дыяцэзіі. Пешыя пілігрымкі ішлі з Баранавічаў і Бярозы. Адметнасцю сёлетніх урачыстасцяў стала супольнае святкаванне Юбілейнага году, а асабліва – стагоддзя Пінскай дыяцэзіі. Вернікі на чале з біскупамі дзякавалі Найсвяцейшай Панне Марыі за Яе апеку і даверылі Яе заступніцтву далейшы шлях кожнага верніка Пінскай дыяцэзіі і ўсіх пілігрымаў.
Ва Ўселюбе ў пяты раз прайшоў фестываль Novafest. 2 жніўня 2025 года сустрэча ў парафіі святога Казіміра сабрала вернікаў з некалькіх дыяцэзій. Ганаровым госцем фестывалю стаў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі. Традыцыйнымі момантамі праграмы сталі малітва спевам каля алтара Маці Божай Новага Жыцця, канферэнцыі, сведчанні вернікаў аб Божай прысутнасці ў іх жыцці, набажэнствы. Для дзяцей была прадугледжана забаўляльная праграма. Фестываль стаў калыскай валанцёрскага руху ва Ўселюбе, які аб’ядноўвае людзей з розных куткоў Беларусі і за яе межамі.
Фэсты на Віцебшчыне адзначылі з музычнай праграмай. 2 жніўня 2025 года ў парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Друі адзначылі парафіяльны адпуст у гонар Маці Божай Анёльскай. Эўхарыстыю цэлебраваў дэкан Мёрскі ксёндз Андрэй Кулік. Адметнасцю сёлетняга фэсту стала музычная гасцёўня, якая адбылася пасля святой Імшы – канцэрт зладзіў фольк-калектыў з Мінску. А 3 жніўня ў касцёле святога Ігнацыя ў Віцебску адбыўся парафіяльны фэст, які сабраў вернікаў з усіх парафій горада. Урачыстую Імшу ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Свята працягнулі музычныя нумары ад хору і дзяцей парафіі.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў урачыстасць Маці Божай Кангрэгацкай у гродзенскай катэдры. 5 жніўня 2025 года заслужаны іерарх цэлебраваў святую Імшу ў святыні, дзе захоўваецца цудадзейны абраз Маці Божай Кангрэгацкай. У гаміліі арцыбіскуп эмерыт, зыходзячы з прыкладу Панны Марыі, засяродзіў увагу на значэнні хрысціянскай веры ў гісторыі беларускага народа. Ён заклікаў не ігнараваць цяперашні крызіс веры і адзначыў, што кожны пакліканы рабіць свой унёсак у будаўніцтва Валадарства Божага, прыўносячы ў яго хрысціянскія каштоўнасці.
Распачата праца па захаванні руін касцёла ў Драгічынскім раёне. Запланаваныя рамонт і кансервацыя гісторыка-культурнай каштоўнасці XVIII стагоддзя, руін храма Святога Духа ў вёсцы Язвіны. На пляцоўцы дзяржзакупак з'явіліся адпаведныя тэндары: складанне праграмы на бягучы рамонт і выкананне праектных работ па кансервацыі. Праект павінен быць падрыхтаваны да 1 верасня 2025 года. Яшчэ адзін тэндар, які тычыцца работ па захаванні закінутых касцёлаў – рамонт даху былога калегіума езуітаў у Мсціславе. Гэтыя работы павінны быць завершаны таксама ў верасні.
Падрыхтавана паводле catholicnews.by, grodnensis.by і ўласнай інфармацыі.