MAP

Тыдзень у Беларусі Тыдзень у Беларусі 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Урачыстасці ў гонар благаслаўлёных мучанікаў, свята для старэйшых, курс іканапісу – агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Пілігрымы прыбылі на ўрачыстасці ў Росіцы. 1 і 2 жніўня 2025 года ў мясцовым санктуарыі праходзяць урачыстасці ў гонар благаслаўлёных марыянаў Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча, мучанікаў Другой сусветнай вайны, якія аддалі сваё жыццё з любові да Бога і да бліжніх. Тры дні ішлі ў Росіцу пілігрымы з Друі пад кіраўніцтвам айцоў марыянаў. У пятніцу для паломнікаў адбылася святая Імша, далей у праграме – набажэнствы на працягу вечара і ночы, раніцай у суботу – Імша на заканчэнне ўрачыстасці.

У Мінску з удзелам арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча адбыўся Дзень пажылых людзей. 26 ліпеня 2025 года, ва ўспамін святых Яўхіма і Ганны, у архікатэдральным касцёле сабраліся старэйшыя людзі, якіх запрасіў парафіяльны Caritas. Арцыбіскуп эмэрыт узначаліў урачыстую святую Імшу ў інтэнцыі патрэбных ласках, здароўі і ўмацаванні веры для пажылых людзей. Свята працягнулася пачастункам і забаўляльнай праграмай з канцэртам.

У Навагрудку прайшлі ўрачыстасці ў гонар благаслаўлёных назарэтанак. 31 ліпеня – 1 жніўня 2025 года ўшанавалі благаслаўлёных сясцёр, якія загінулі мучаніцкай смерцю ў час Другой сусветнай вайны. На ўрачыстасці прыбылі пілігрымы з Ліды, якія прынялі ўдзел у Імшы на месцы расстрэлу назарэтанак у Батароўскім лесе. Усю ноч, да прыблізнага часу мучаніцкай смерці сясцёр, працягваліся набажэнствы. Таксама моладзь прадставіла падрыхтаваную праграму.

Пяты курс іканапісу прайшоў у Магілёве. З 24 па 27 ліпеня 2025 года ў дамініканскай парафіі святога Казіміра і святой Ядвігі дзевяць чалавек прымалі ўдзел у інтэнсіўнай творчай працы над стварэннем асабістага вобраза святога Юзафа. Гэта адбывалася пад кіраўніцтвам вядомай мастачкі Валянціны Плотнікавай-Аўсяннікавай. Кожны дзень пачынаўся з удзелу ў святой Імшы, на працягу дня адбывалася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, што надавала ўсяму працэсу асаблівую глыбіню і атмасферу малітвы. Удзельнікі адчулі, што іканапіс – не проста мастацкі занятак, а форма малітвы і сузірання.

Падрыхтавана паводле catholicminsk.by, catholicnews.by, grodnensis.by і ўласнай інфармацыі.

02 жніўня 2025, 07:49