Швецыя: хрысціянскія лідары на гістарычным экуменічным юбілеі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Шведская Рада Хрысціянскіх Цэркваў запрасіла прадстаўнікоў розных канфесій адзначыць знакавую падзею ў гісторыі экуменічнага руху. Першая Сусветная Канферэнцыя Цэркваў па пытаннях Практычнага Хрысціянства адбылася ў Стакгольме 19-30 жніўня 1925 года і стала важным крокам у развіцці сучаснага экуменізму.
Сярод удзельнікаў сёлетніх урачыстасцей – Патрыярх Барталамей І, сірыйска-праваслаўны патрыярх Мор Ігнацыус Эфрэм II, арцыбіскуп Флавіа Пачэ з ватыканскай Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству, епіскап Генрых Бэдфард-Штром, старшыня Цэнтральнага Камітэта Сусветнай Рады Цэркваў, а таксама яе генеральны сакратар, пастар Джэры Пілай.
"Пабудова міру з'яўляецца неад'емнай і неабходнай часткай суіснавання ўсіх людзей і выжывання нашай планеты. Гэта знаходзіць сваё выражэнне ў тым, як мы ставімся адзін да аднаго і як мы ставімся да нашага асяроддзя”, - сказаў Патрыярх Канстантынопальскі, адкрываючы сустрэчу.
Праграма мерапрыемства ўключае больш за 70 семінараў і панэльных дыскусій у мясцовых храмах і іншых месцах сталіцы Швецыі. 23 жніўня ў цэнтры Стакгольма адбудзецца “Фестываль міру”. Таксама запланаваны разнастайныя духоўныя і культурныя падзеі для людзей усіх узростаў.
Кульмінацыяй стане экуменічнае набажэнства ў Стакгольмскім саборы 23 жніўня 2025 года. Чакаецца, што ў ім прымуць удзел кароль Карл Густаў, каралева Сільвія і прэм'ер-міністр Швецыі Ульф Ялмар Крысцерсан.
Ініцыятар канферэнцыі 1925 года, лютэранскі архіепіскап Натан Сёдэрблом (1866-1931), за сваю дзейнасць атрымаў Нобелеўскую прэмію міру. Арганізатары сёлетняга "экуменічнага тыдня" абвясцілі, што яго вынікам стане распрацоўка новых крокаў на шляху да міру і еднасці.
У гістарычнай канферэнцыі 1925 года ўдзельнічала больш за 600 іерархаў з 37 краін. Яна адбылася ўсяго праз некалькі гадоў пасля Першай сусветнай вайны і стала важным крокам у станаўленні сучаснага экуменічнага руху.