MAP

Кардынал Эстаніслао Эстэбан Карліч Кардынал Эстаніслао Эстэбан Карліч 

Пайшоў з жыцця аргенцінскі кардынал Карліч

8 жніўня 2025 года Каталіцкі Касцёл у Аргенціне паведаміў пра смерць кардынала Эстаніслао Эстэбана Карліча, арцыбіскупа-эмерыта Параны. Ён адышоў у вечнасць на 100-м годзе жыцця ў святарскім доме “Езус Добры Пастыр”.

Vatican News

Архідыяцэзія Параны (Аргенціна) паведаміла пра смерць кардынала Карліча, заклікаўшы вернікаў маліцца Маці Божай Ружанцовай за спакой яго душы.

Кардынал Эстаніслао Эстэбан Карліч нарадзіўся ў Аргенціне 7 лютага 1926 года. Пасля святарскага пасвячэння вывучаў тэалогію ў Папскім Грыгарыянскім універсітэце ў Рыме, затым узначальваў філасофскі факультэт духоўнай семінарыі ў Кордаве. У 1977 годзе быў прызначаны дапаможным біскупам Кордавы, у 1983 годзе – арцыбіскупам-каад'ютарам Параны, а ў 1986 годзе ўзначаліў гэту архідыяцэзію. Двойчы ў 1996-2002 гадах абіраўся старшынёй Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Аргенціны. З 1986 па 1992 год уваходзіў у склад камісіі па падрыхтоўцы Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, працуючы разам з кардыналам Ёзэфам Ратцынгерам, будучым Бэнэдыктам XVI. Таксама стаў ініцыятарам стварэння Камісіі па ўніверсітэцкім душпастырстве і яе першым старшынёй.

У 2003 годзе Ян Павел ІІ надаў арцыбіскупу Карлічу кардынальскі тытул. Іерарх падтрымліваў сяброўства з Львом XIV, які ў маі 2025 года патэлефанаваў яму, каб падтрымаць пасля хірургічнай аперацыі на сэрцы. Апошні перыяд жыцця кардынал Карліч правёў у доме “Jesús Buen Pastor” (“Езус Добры Пастыр”) у Паране, дзе і адышоў у вечнасць. Жалобная Імша і пахаванне адбудуцца ў Паране 9 жніўня 2025 года.

09 жніўня 2025, 10:42