MAP

Катэдральны касцёл святога Патрыка ў Нью-Ёрку Катэдральны касцёл святога Патрыка ў Нью-Ёрку  (2015 Getty Images)

Нью-Ёрк: новая фрэска ў катэдры – даніна памяці мігрантам

21 жніўня 2025 года ў катэдральным касцёле Святога Патрыка ў Нью-Йорку быў асвечаны велізарны фрэскавы роспіс, які адлюстроўвае прыбыццё мігрантаў у ЗША у ХІХ стагоддзі і ў нашыя дні.

Ян Глінскі

“Гэта даніна павагі гораду, пабудаванаму мігрантамі”, - сказаў кардынал Цімаці Долан у інтэрв’ю New Yok Times.

За магчымасць рэалізаваць заказ у 2023 годзе спаборнічалі шэсць мастакоў. Кардынал Долан, камітэт мастацкіх кансультантаў і ахвярадаўцаў выбралі прапанову бруклінскага мастака Адама Цвіяновіча, якая адрознівалася ад іншых “рэалістычным стылем”.

У якасці назвы да манументальнай фрэскі, вышыня якой складае прыблізна 6,4 метра, аўтар выбраў словы з папулярнай песні Элвіса Кастэла: “Што такога смешнага ў міры, любові і ўзаемаразуменні”.

Калі міграцыя стала гарачай тэмай, манументаліст меркаваў, што архідыяцэзія зменіць рэкамендацыі адносна праекта. Аднак з боку заказчыка ён пачуў: “Мы хочам увайсці ў гэта цалкам”.

Акрамя сцэн міграцыі, аўтар увекавечыў падзею, асабліва блізкую сэрцу кардынала і ўсіх католікаў ірландскага паходжання, – аб’яўленне Марыі ў Ноку, што на паўночным захадзе Ірландыі. У 1879 годзе пятнаццаць жыхароў гэтай ірландскай вёскі бачылі на сцяне парафіяльнага касцёла Панну Марыю, святых Яна і Юзафа, а таксама Баранка Божага – сімвал Езуса Хрыста. Аб’яўленне працягвалася каля дзвюх гадзін.

На правай панэлі, побач з галоўнымі дзвярыма касцёла, знаходзіцца выява групы ірландскіх імігрантаў XIX стагоддзя ў адзенні той эпохі, якія высаджваюцца з карабля. На адной з фігур намаляваны твар маці кардынала Долана. Над імі лунаюць Панна Марыя, святы Юзаф і святы Ян Евангеліст.

Злева ад дзвярэй намаляваны сучасныя мігранты: лацінаамерыканцы, азіяты і афраамерыканцы. Яны сядзяць на сваім багажы, гледзячы ў розныя бакі. Сярод іх святая Франчэска Ксаверыя Кабрыні (1850-1917), вядомая як Маці Кабрыні, італьянка, якая заснавала дзіцячыя дамы і бальніцы для мігрантаў у ЗША. За ёй стаіць Слуга Божы айцец Фелікс Варэла (1788-1853), кубінскі патрыёт, які ўцёк у Нью-Йорк і ад 1820-х гадоў засноўваў касцёлы для мігранцкіх супольнасцяў у Ніжнім Манхэтэне. Над усімі імі, на алтары, знаходзіцца выява Баранка Божага.

Аўтар па ўласнай ініцыятыве дадаў таксама святую Кацярыну (Катэры) Тэкаквіта – індзейку племені магаўк-алганкінаў XVII стагоддзя, якая прыняла каталіцкую веру і стала першай карэннай паўночнаамерыканкай, далучанай да ліку святых. “Паколькі мы гаворым пра мігрантаў, то павінны ўшанаваць і тых, хто быў тут раней. Таму што гэтая зямля не была пустой”, - патлумачыў мастак.

На пытанне New York Times, ці разглядаў кардынал Долан магчымасць пазбегнуць патэнцыйнай палітычнай спрэчкі, якая можа ўзнікнуць з нагоды адкрыцця фрэскі, іерарх адказаў, што ніколі не вагаўся. “Некалі міграцыя была аб’ядноўваючым прынцыпам. І цяпер я маю надзею, што гэты твор касцёльнага мастацтва дапаможа людзям аб’яднацца”, - падкрэсліў кардынал Долан.

Фрэска ў саборы Святога Патрыка стане непарушнай спадчынай кардынала Долана. У лютым 2025 года іерарху споўнілася 75 гадоў, і ён сышоў з пасады арцыбіскупа Нью-Йорка. За тыдзень да свайго дня нараджэння кардынал рэзка раскрытыкаваў заяву Віцэ-прэзідэнта ЗША Джэймса Вэнса аб тым, што каталіцкія біскупы падтрымліваюць міграцыю дзеля прыбытку.
 

22 жніўня 2025, 09:15