MAP

Джон Генры Ньюман Джон Генры Ньюман 

Новы Доктар Касцёла: цуды – адказ хрысціяніна на рацыяналізм

Амерыканскія каталіцкія СМІ аналізуюць тэалагічную спадчыну Джона Генры Ньюмана, асабліва яго працы аб разуменні цудаў і развіцці дактрыны, якія застаюцца актуальнымі для сучаснага Касцёла.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

31 ліпеня 2025 года Леў XIV ухваліў рашэнне аб наданні тытула Доктара Касцёла святому Джону Генры Ньюману. Пасля гэтага тэолагі і гісторыкі ў ЗША актыўна абмяркоўваюць значэнне спадчыны гэтага святога для сучаснага свету.

Яго пісьмы абвяргаюць памылковыя погляды на цуды, якія ў XIX стагоддзі прапагандаваў філосаф Дэвід Юм

Майкл Сірыла, прафесар тэалогіі з Францішканскага ўніверсітэта, адзначае: "Ньюман – адпаведны доктар для сучаснага перыяду ў гісторыі Касцёла". Яго значным укладам стала палеміка з рацыяналізмам эпохі Асветніцтва. Ён аспрэчваў думку Дэвіда Юма аб тым, што вера ў цуды нерацыянальная. У сваіх працах Ньюман пісаў: "Цуды – гэта не ізаляваныя падзеі, а частка шырокага плана Божага кіравання, якая злучае чалавека з яго Стварыцелем і вядзе да вечнага жыцця".

Скот Хан, былы прэзбітэрыянскі пастар, цяпер каталіцкі тэолаг, адзначае: "Ньюман шчыра апісваў свой шлях да каталіцызму, змагаўся з рэлятывізмам, і яго кнігі дагэтуль змяняюць жыццю людзей, як і ў XIX стагоддзі, калі ён натхняў тысячы навяртанняў".

Належна зразуметае развіццё дактрыны захоўвае традыцыю і развівае яе, а не супярэчыць ранейшаму вучэнню

Асаблівае значэнне маюць працы Ньюмана аб развіцці дактрыны ў Каталіцкім Касцёле. У 1845 годзе ён выдаў кнігу "Аб развіцці хрысціянскай дактрыны", дзе абараняў каталіцкае вучэнне ад пратэстанцкай крытыкі. Ён сцвярджаў: "Сучасны каталіцызм – гэта не што іншае, як законны рост і дапаўненне, натуральнае і неабходнае развіццё дактрыны ранняга Касцёла".

Патрык Рэйлі, заснавальнік “Таварыства Кардынала Ньюмана”, якое падтрымлівае каталіцкую адукацыю, адзначае: "Гэта адзін з найважнейшых святых для сучаснасці, з яго барацьбой супраць рэлятывізму і слабай веры, а таксама канцэпцыяй вернай каталіцкай адукацыі".

Ідэі Ньюмана маюць значэнне і па-за англамоўным светам – у пасляваенны перыяд ён стаў важнай крыніцай натхнення для нямецкіх католікаў, якія бачылі ў ім чалавека, які "разумеў выклікі сучаснага свету і паказваў каталіцкі шлях у будучыню".
 

14 жніўня 2025, 11:56