MAP

Ксёндз Павел Новак Ксёндз Павел Новак 

На веласіпедзе ў Рым: незвычайная пілігрымка святара з Германіі

Ксёндз Павел Новак з Брэмена тры дні і тры ночы ехаў на веласіпедзе з Хільдэсхайма ў Рым, каб падчас агульнай аўдыенцыі сустрэцца з Папам Львом XIV і ўручыць яму лісты і малюнкі ад хворых дзяцей.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Дабрачынная спартыўная акцыя мела на мэце збор сродкаў на падтрымку дзіцячага хоспіса ў нямецкім горадзе Зыке. Пасля сустрэчы з Пантыфікам святар падзяліўся сваімі ўражаннямі і планамі з Нямецкай рэдакцыяй “Vatican News”.

39-гадовы ксёндз Новак, ураджэнец польскага Тарнава, расказаў, што здолеў паціснуць руку Папу і абмяняцца з ім некалькімі словамі. Па словах святара, Леў XIV быў уражаны яго адданасцю і, калі пачуў, што той тры дні і тры ночы без сну ехаў на веласіпедзе ў Рым, пераадолеўшы дзеля добрай справы 1600 кіламетраў, сам захацеў зрабіць з ім сэлфі. Святы Айцец падзякаваў дзіцячаму хоспісу за падарункі і ўдзяліў благаслаўленне святару, яго парафіі, хворым дзецям і іх сем’ям.

Падчас велапілігрымкі святару дапамагала цэлая каманда падтрымкі, члены якой ва ўзгодненых уздоўж маршруту пунктах забяспечвалі яго ежай, напоямі і іншымі неабходнымі рэчамі. Аднойчы з-за паломкі яму спатрэбілася запасное кола. Ля возера Гарда на поўначы Італіі да ксяндза Новака далучылася машына суправаджэння, якая спадарожнічала яму да самага Рыма.

У бліжэйшых планах святара – удзел у Чэмпіянаце свету па ўльтравеласпорце “Race around Austria”, падчас якога ён будзе не толькі спаборнічаць з вядомымі прафесійнымі веласіпедыстамі, але і збіраць ахвяраванні на карысць Брэменскага фонду барацьбы з ракам у дзяцей.

Ксёндз Павел Новак і Папа Леў XIV
Ксёндз Павел Новак і Папа Леў XIV
07 жніўня 2025, 10:01