MAP

Японія адзначае 80-ю гадавіну атамнай бамбардзіроўкі Японія адзначае 80-ю гадавіну атамнай бамбардзіроўкі  (ANSA)

Касцёл у ЗША: пілігрымка ў Японію праз 80 гадоў пасля атамнай трагедыі

З нагоды 80-й гадавіны атамных бамбардзіровак Японіі Каталіцкі Касцёл Злучаных Штатаў Амерыкі здзяйсняе пілігрымку ў Хірасіму і Нагасакі.

Vatican News

У склад пілігрымаў увайшлі выкладчыкі, супрацоўнікі і студэнты каталіцкіх універсітэтаў ЗША. Іх суправаджаюць арцыбіскуп Чыкагскі кардынал Блэз Сьюпіч, арцыбіскуп Вашынгтонскі кардынал Роберт МакЭлрой, а таксама арцыбіскупы Пол Эцьен (Сіэтл) і Джон Уэстэр (Санта-Фэ). Да іх далучылася Эмільсе Куда, сакратар Папскай камісіі па справах Лацінскай Амерыкі.

Пілігрымка адбываецца ў Юбілейны год надзеі і натхняецца заклікам Францішка “памятаць, ісці разам і абараняць”. Яе мэта – наладзіць малітоўны дыялог дзеля прымірэння, салідарнасці і міру ў Ціхаакіянскім рэгіёне, у кантэксце лакальнай нестабільнасці, падзелаў і пагрозы ядзернай эскалацыі.

У Хірасіме і Нагасакі пройдуць памятныя і акадэмічныя мерапрыемствы. Эксперты ў галіне каталіцкай этыцы асветляць гуманітарныя і экалагічныя наступствы выкарыстання ядзернай зброі, а моладзь абмяркуе пытанні справядлівасці і пабудовы міру. Гэта дасць магчымасць крытычна і параўнальна ацаніць падыход Касцёла да ядзерных праблем у сучасным рэлігійным і геапалітычным кантэксце.

Каардынатар пілігрымкі – арганізацыя “Партнёрства за мір без ядзернай зброі”, створаная ў жніўні 2023 года біскупамі чатырох дыяцэзій ЗША і Японіі, якія пацярпелі ад распрацоўкі ядзернай зброі: Санта-Фэ, Сіэтл, Хірасіма і Нагасакі. Спонсарамі выступілі каталіцкія ўніверсітэты: Джорджтаўнскі, Універсітэт Лаёлы ў Чыкага, Універсітэт Маркета, Універсітэт Нотр-Дам, Каталіцкі ўніверсітэт Джунсін у Нагасакі і Сафійскі ўніверсітэт у Токіа.

Праграма пілігрымкі, якая прадоўжыцца з 4 па 11 жніўня 2025 года, прадугледжвае візіты ў гарадскія муніцыпалітэты, езуіцкія навіцыяты, разбураныя і адноўленыя каталіцкія святыні, музеі, прысвечаныя ядзернай трагедыі, а таксама пасланні лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі міру, сведкаў атамных выбухаў і біскупаў з ЗША, Паўднёвай Карэі і Японіі. Таксама адбудуцца Імшы за мір, навуковыя сімпозіумы, міжрэлігійныя ўрачыстасці, мірныя шэсці і цырымоніі ў памяць пра ахвяр атамных бамбардзіровак.

07 жніўня 2025, 10:26