MAP

Наступствы дзейнасці банд на Гаіці. Ілюстрацыйнае фота Наступствы дзейнасці банд на Гаіці. Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Касцёл на Гаіці ўдзячны Святому Айцу за словы падтрымкі

Арцыбіскуп Порт-о-Прэнса Макс Леруа Месідор выказаў падзяку Льву XIV за словы падтрымкі гаіцянскага народа, скіраваныя падчас нядзельнай малітвы “Анёл Панскі” ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

10 жніўня 2025 года Пантыфік нагадаў вернікам пра трагічную сітуацыю на Гаіці, звязаную з шматлікімі забойствамі, актамі гвалту, гандлем людзьмі, вымушанымі перасяленнямі і выкраданнямі. Паводле даных ААН, з чэрвеня 2025 года на востраве было выкрадзена 185 чалавек.

“Заклікаю ўсіх адказных неадкладна вызваліць заложнікаў і прашу міжнародную супольнасць аказаць канкрэтную падтрымку ў стварэнні сацыяльных і інстытуцыйных умоў, якія дазволяць гаіцянам жыць у міры”, - сказаў Леў XIV.

Арцыбіскуп Порт-о-Прэнса ад імя ўсяго епіскапату Гаіці выказаў падзяку Святому Айцу за словы, якія сведчаць пра яго клопат “пра народы ў цяжкіх сітуацыях, пра ахвяр несправядлівасці, вайны і насілля”.

“Касцёл на Гаіці пацвярджае, што злачынствы ў нас ужо не маюць межаў. Пра гэта сведчыць выкраданне васьмі чалавек, у тым ліку дзіцяці з прытулку святой Алены ў Кенскафе. Гэты варварскі акт з’яўляецца адным з многіх знакаў краху дзяржавы і грамадства, якое губляе сэнс жыцця і чалавечую годнасць”, - напісаў арцыбіскуп Месідор.

Іерарх выказаў надзею, што заклік Папы будзе пачуты гаіцянскімі ўладамі і міжнароднай супольнасцю, шматлікія сустрэчы якой, прысвечаныя сітуацыі на востраве, на жаль, пакуль не прынеслі вынікаў. Арцыбіскуп адзначыў, што ў гаіцянскіх уладаў не стае ўласных сіл, каб пакласці канец злачыннай дзейнасці банд.

Пастыр архідыяцэзіі Порт-о-Прэнса заклікаў грамадства да дыялогу ў духу ненасілля і справядлівасці. “Мы ад усяго сэрца дзякуем Папу Льву XIV. Мы далучаемся да яго малітвы, каб Бог дапамог гаіцянскаму народу вызваліцца ад усіх путаў, якія стрымліваюць яго развіццё, асабліва ад гвалту ўзброеных груп, адсутнасці патрыятычнай свядомасці і дробязных змаганняў за ўладу і грошы”, - падкрэсліў арцыбіскуп Месідор.
 

11 жніўня 2025, 10:41