Касцёлы Еўропы аб'ядноўваюцца дзеля аховы стварэння
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У сумесным звароце, апублікаваным 18 жніўня 2025 года, праваслаўны Мітрапаліт Вялікабрытаніі Нікіта і каталіцкі арцыбіскуп Віленскі Гінтарас Грушас заахвоцілі хрысціянскія супольнасці да сціплага жыцця, павагі да дароў стварэння і адмаўлення ад эксплуатацыі людзей і прыродных рэсурсаў.
У сваім звароце кіраўнікі Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы (ССЕЕ) і Экуменічнай канферэнцыі еўрапейскіх Цэркваў (KEK) падкрэсліваюць, што імкненне да міру са стварэннем "не з'яўляецца абстрактным ідэалам, але штодзённым абавязацельствам, запрашэннем жыць так, каб аддаваць пашану Стварыцелю жыцця".
Наш сённяшні свет цяжка прызнаць садам міру
Спасылаючыся на прарока Ісаю, яны адзначылі, што "наш сённяшні свет цяжка прызнаць садам міру". Аднак, падобна да Ісаі, яны вераць, што вяртанне да ладу жыцця, укаранёнага ў даверы і адданасці Богу, можа стаць "альтэрнатывай катастрофе".
Зварот звязвае заклік Касцёлаў да аховы стварэння з будучай канферэнцыяй Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па змене клімату COP30, якая адбудзецца ў лістападзе 2025 года ў бразільскім Белеме. Духоўныя лідары выказваюць надзею на тое, што кіраўнікі дзяржаў паставяць патрэбы бедных і слабых у цэнтр дзеянняў па клімаце і разгледзяць кліматычны крызіс як магчымасць для пераўтварэння міжнародных адносін у кірунку агульнага дабра.
Наш стыль жыцця павінен адлюстроўваць нашу веру
"Наш стыль жыцця павінен адлюстроўваць тое, у што мы верым, – падкрэслівае мітрапаліт Нікіта. – Хрысціяне павінны быць прыкладам адказнага стаўлення да прыроды і ўсіх стварэнняў Божых".
Арцыбіскуп Гінтарас Грушас дадае: "Час Стварэння – гэта перыяд малітвы, навяртання і заступніцтва. Мы ўсе пакліканы зрабіць свой унёсак у абарону нашага супольнага дому".
Старшыні KEK і ССЕЕ таксама адзначылі сувязь тэмы "Мір са стварэннем" з абноўленай еўрапейскай Экуменічнай Хартыяй, падпісанне якой запланавана на канец 2025 года.
Для дапамогі вернікам былі падрыхтаваны прапановы набажэнстваў на “Час Стварэння” на англійскай мове: "Season of Creation Celebration Guide 2025" і на італьянскай мове: "Guida alla Celebrazione del Tempo del Creato 2025".
Час Стварэння – экуменічная ініцыятыва клопату аб прыродзе
"Час Стварэння" з'яўляецца штогадовай экуменічнай ініцыятывай, якая пачынаецца ў Сусветны дзень малітвы за клопат аб стварэнні (1 верасня) і заканчваецца ў дзень успаміну святога Францішка Асізскага (4 кастрычніка). Гэты перыяд аб'ядноўвае хрысціян розных канфесій у малітве і дзеяннях па абароне агульнага дому, які даў нам Стварыцель.