Адзіны кардынал без біскупскай сакры пакідае кола выбаршчыкаў
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
З дасягненнем 80-гадовага ўзросту кардынал Цімаці Рэдкліф пакідае кола кардыналаў, якія маюць права ўдзельнічаць у выбарах Папы. Цяпер у магчымым канклаве захоўваюць права голасу 129 з 248 кардыналаў Касцёла.
Дамініканец, узведзены ў кардынальскую годнасць у снежні 2024 года, быў у маі 2025 года адзіным выбаршчыкам Папы без біскупскага пасвячэння. Тэолаг з Лондана, які ў 2003 годзе атрымаў званне ганаровага доктара Оксфардскага ўніверсітэта, займаў пасаду генеральнага настаяцеля дамініканцаў з 1992 па 2001 год. У 2021 годзе ён перанёс сур'ёзную аперацыю ў сувязі з анкалагічным захворваннем.
Пры ўзвядзенні ў кардынальскую годнасць у 2024 годзе Францішак дазволіў яму насіць не традыцыйнае кардынальскае чырвонае адзенне, а белае адзенне свайго ордэна. У ім ён адчувае сябе "больш самім сабой", як сказаў тады.