MAP

Хірасіма пасля атамнага ўдару ў 1945 годзе Хірасіма пасля атамнага ўдару ў 1945 годзе 

Кардынал Сьюпіч: у гонцы ядзерных узбраенняў не будзе пераможцаў

Кардынал Блэйз Джозэф Сьюпіч назваў глыбока памылковым рашэнне ЗША прыбегнуць да выкарыстання ядзернай зброі напрыканцы Другой сусветнай вайны.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Іерарх падкрэсліў, што гэта рашэнне супярэчыла фундаментальным прынцыпам міжнароднага права і каталіцкага этычнага вучэння, асабліва ў тым, што датычыцца неабходнасці адрозніваць удзельнікаў баявых дзеянняў ад мірнага насельніцтва.

З нагоды 80-годдзя амерыканскай атамнай бамбардзіроўкі Хірасімы і Нагасакі арцыбіскуп Чыкага разам з іншымі лідарамі Касцёла ў ЗША бярэ ўдзел у пілігрымцы міру па гарадах Японіі. 7 жніўня 2025 года ён выступіў на міжнародным сімпозіуме ў Нагасакі.

“На жаль, падчас варварства Другой сусветнай вайны традыцыйная прыхільнасць да недатыкальнасці некамбатантаў была разбураная”, - сказаў ён, нагадваючы пра масавыя бамбардзіроўкі японскіх гарадоў перад атамнымі ўдарамі і крытыкуючы напады на грамадзянскае насельніцтва, што ажыццяўляліся згодна з логікай “татальнай вайны”.

Паводле яго слоў, Хірасіма і Нагасакі былі выбраныя мэтамі атамных удараў часткова таму, што іншыя японскія гарады ўжо былі знішчаныя ў выніку бамбардзіровак, а гэта паменшыла б псіхалагічны эфект ад ужывання новай зброі.

Кардынал Сьюпіч спаслаўся на творы амерыканскага езуіта Джона Форда, які яшчэ ў 1944 годзе асудзіў “бамбардзіроўкі з мэтай знішчэння” як маральна непрымальныя. Папярэджанне Форда, патлумачыў іерарх, актуальнае і сёння, бо маральныя пытанні, звязаныя з ядзерным стрымліваннем, застаюцца невырашанымі.

Прызнаючы, што грамадская думка ў ЗША змянілася і большасць людзей цяпер не ўхваляюць бамбардзіровак, якія мелі месца падчас Другой сусветнай вайны, кардынал Сьюпіч выказаў занепакоенасць тым, што многія амерыканцы па-ранейшаму згодныя з ідэяй выкарыстання атамнай зброі ў сучасных канфліктах. Нядаўняе апытанне, на якое спаслаўся іерарх, прадэманстравала падтрымку грамадскасці атамных удараў у гіпатэтычных войнах, калі б такія дзеянні дапамаглі захаваць жыццё амерыканскіх вайскоўцаў. Гэта, паводле яго, сведчыць пра тое, што “гатоўнасць амерыканскай грамадскасці прыбегнуць да атамнай зброі і мэтанакіравана забіваць грамадзян іншых краін не змянілася з 1945 года так моцна, як лічылі навукоўцы”.

Арцыбіскуп Чыкага падкрэсліў, што “чалавецтва павінна ўзяць на сябе абавязацельства пакласці канец гонцы атамных узбраенняў, бо гэта гонка, у якой ніхто не можа па-сапраўднаму перамагчы, але ў якой мільёны людзей могуць сапраўды прайграць”.
 

08 жніўня 2025, 10:52