Паралін у Неапалі: літургія як шлях ад сузірання да дзеяння
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
25 жніўня 2025 года кардынал П'етра Паралін выступіў з прамовай "Літургія корміць і ажыўляе надзею" ў катэдры Неапаля падчас адкрыцця 75-га Нацыянальнага літургічнага тыдня, прысвечанага тэме "Ты наша надзея. Літургія – ад сузірання да дзеяння".
Літургія запрашае нас глядзець на неба, але ў канкрэтыцы жыцця
Іерарх падкрэсліў, што вера ў Хрыста, "нашу надзею", і Юбілей – гэта рэальнасці, якія перажываюцца ў літургіі, дзе чалавек, "прыгнечаны ўласнымі цяжкасцямі, слабасцю і грахом, не можа зрабіць нічога іншага, як аддацца любові Бога".
Дзяржсакратар адзначыў, што сузіранне – гэта "стаўленне таго, хто распазнае дар Бога ў літургіі, прысутнасць Хрыста ў сакрамэнтах, Слове, святары і супольнасці". Гэта дазваляе ўбачыць "прыгажосць літургіі" як "прыгажосць збаўчай любові Бога".
Паводле слоў кардынала Параліна, неабходна, каб літургія станавілася "месцам блізкасці, надзеі, свабоды і сховішчам для душы". Ён прывёў прыклад парафіі Святой Сям'і ў Газе, якая застаецца "адным з рэдкіх знакаў надзеі на той спустошанай зямлі", дзе знайшлі прытулак каля 500 хрысціян.
Мір – гэта не проста знак, але сапраўдная еднасць
Іерарх таксама падкрэсліў важнасць "інклюзіўнай і міжкультурнай" літургіі ў сучасных шматкультурных парафіях, адзначаючы, што літургія павінна быць праявай "сінадальнасці".
Завяршаючы, кардынал Паралін падкрэсліў, што сутнасць літургіі – гэта "мір як дар Уваскрослага", які перажываецца ў цэлебрацыі і распаўсюджваецца на ўвесь свет.
"Было б цудоўна, – заключыў ён, – калі б, уваходзячы ў Касцёл, можна было прачытаць: "Насычайцеся надзеяй, усе, хто ўвайшоў", бо сапраўдная надзея – гэта Хрыстус, які жыве і дзейнічае ў літургічнай цэлебрацыі".