MAP

Кардынал Дзупі да моладзі: раззброім сэрцы дзеля міру ў свеце

Каля 40 тысяч юнакоў і дзяўчат з усёй Італіі сабраліся ўвечары 31 ліпеня 2025 года на Плошчы Святога Пятра ў Ватыкане, каб прыняць удзел у сустрэчы “Ты – Пётр”, арганізаванай у межах Юбілею моладзі.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

У цэнтры ўвагі маладых пілігрымаў была асоба святога апостала Пятра. Моладзь разважала над шляхам яго веры з дапамогай асаблівай тэатралізаванай пастаноўкі, музыкі і сведчанняў.

З пастырскім словам да ўдзельнікаў сустрэчы звярнуўся кардынал Матэа Дзупі, старшыня Канферэнцыі Біскупаў Італіі. Іерарх заклікаў юнакоў і дзяўчат любіць Касцёл, супрацьстаяць спакусе індывідуалізму, спрыяць міру ў свеце і заўсёды быць абаронцамі чалавечага жыцця.

Кардынал Дзупі згадаў пра шматлікія бессэнсоўныя войны, заклікаўшы моладзь несці ў свет супакой Хрыста. “Давайце раззброім нашы сэрцы, каб раззброіць сэрцы і рукі гэтага гвалтоўнага свету, каб залячыць яго раны і прадухіліць новыя канфлікты”, - сказаў ён.

Падчас сустрэчы на Плошчы Святога Пятра прагучала відэапасланне кардынала П'ербаціста Піцабалы, Лацінскага Патрыярха Іерусаліма, які расказаў пра трагедыю вайны і пакуты людзей у Святой Зямлі, заклікаўшы моладзь верыць у магчымасць пабудовы лепшай і мірнай будучыні.
 

01 жніўня 2025, 10:15