MAP

Удзельнікі форуму, які праходзіць у Стакгольме з нагоды стагоддзя гістарычнай сустрэчы "Life and Work" Удзельнікі форуму, які праходзіць у Стакгольме з нагоды стагоддзя гістарычнай сустрэчы "Life and Work" 

Экуменічны форум у Стакгольме: кардынал заклікае да адзінства

Біскуп Стакгольма падкрэсліў, што ў свеце, раздзёртым канфліктамі, хрысціяне павінны несці пасланне надзеі і супольна працаваць дзеля міру, спалучаючы малітву з канкрэтнымі дзеяннямі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Кардынал Андэрс Арбарэліус у гутарцы з “Vatican News” падчас экуменічнай канферэнцыі ў сталіцы Швецыі падкрэсліў неабходнасць хрысціянскага адзінства ў справе міру. Форум праходзіць з нагоды стагоддзя гістарычнай сустрэчы "Life and Work".

Малітва і канкрэтныя дзеянні

Іерарх адзначыў, што малітва аб міры павінна спалучацца з канкрэтнымі дзеяннямі, такімі як кантакты з уладамі, выхаванне вернікаў ці супольныя ініцыятывы Касцёлаў. "Вернікі з усіх краін, а асабліва тыя, што жывуць у час вайны, могуць працаваць плячо ў плячо дзеля міру", - указаў кардынал, згадваючы сітуацыю ва Украіне і заклік да адзінства хрысціян.

На думку шведскага пурпурата, вялікай пагрозай застаецца інструменталізацыя рэлігіі для апраўдання насілля. Таму, як дадаў ён, "голас Святога Айца, які заклікае да любові да ворагаў і дыялогу, надзвычай важны".

Знак адзінства і супольнай адказнасці

Кардынал Арбарэліус нагадаў, што Каталіцкі Касцёл не ўдзельнічаў у першай стакгольмскай канферэнцыі ў 1925 годзе, а яго поўны ўдзел у экуменічным дыялогу стаў магчымым толькі дзякуючы Другому Ватыканскаму Сабору.

Сённяшнія сустрэчы, як падкрэсліў іерарх, з'яўляюцца канкрэтным знакам адзінства і супольнай адказнасці хрысціян за прымірэнне ў свеце, пазначаным "фрагментарнай трэцяй сусветнай вайной".
 

23 жніўня 2025, 10:49