Кардынал Амбонга: Касцёл у Афрыцы мае вялікі патэнцыял
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Іерарх з Дэмакратычнай Рэспублікі Конга даў інтэрв’ю Vatican News пасля завяршэння 20-й пленарнай асамблеі SECAM, якая праходзіла ў сталіцы Руанды Кігалі з 28 ліпеня па 4 жніўня 2025 года. Сустрэча была прысвечана тэме: “Хрыстус – крыніца надзеі, прымірэння і міру”.
Паводле слоў кардынала Амбонга, дыскусіі на асамблеі паказалі, што Касцёл у Афрыцы павінен глыбей усвядоміць свае абавязкі.
“Перш за ўсё, мы прааналізавалі грамадска-палітычную сітуацыю ў Афрыцы. Ёсць рэгіёны, якія развіваюцца і рухаюцца ў правільным кірунку, але многія іншыя пакутуюць ад канфліктаў, войнаў, пераваротаў, стыхійных бедстваў і іншых выклікаў. Акрамя таго, значная частка афрыканскай моладзі пакідае кантынент у пошуках лепшага жыцця. На жаль, многія з іх заканчваюць свой шлях у пустыні або ў водах Міжземнага мора”, - падкрэсліў іерарх. Ён дадаў, што ўдзельнікі сустрэчы разважалі над магчымым укладам Касцёла ў пераадоленне гэтых крызісных сітуацый.
“Гледзячы на Хрыста, Касцёл у Афрыцы можа сам стаць крыніцай надзеі, прымірэння і міру для народаў кантынента”, - перакананы кардынал Фрыдалін Амбонга.
Паводле старшыні SECAM, глыбокая евангелізацыя мае ключавое значэнне ў перамяненні аблічча Афрыкі. “На кантыненце шмат ахрышчаных католікаў, але калі яны займаюцца бізнесам, палітыкай ці нават рэлігійным жыццём, часта не відаць нават і следу іх хросту”, - са шкадаваннем канстатаваў іерарх. Ён падкрэсліў важнасць пашырэння ўсведамлення патрэбы ў сапраўдным навяртанні.
Яшчэ адна задача, якая стаіць перад Касцёлам у Афрыцы – спрыянне прымірэнню паміж сацыяльнымі групамі і народамі. У якасці прыкладу адной з міратворчых ініцыятыў кардынал Амбонга згадаў “Пакт аб міры і лепшым суіснаванні”, з якім у Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга сумесна выступілі Каталіцкі Касцёл і пратэстанцкія Цэрквы. Ініцыятыва атрымала шырокую падтрымку ў грамадстве.
Кардынал перакананы, што Касцёл у Афрыцы мае вялікі патэнцыял, а сваёй задачай на пасадзе старшыні SECAM ён лічыць яго раскрыццё і асвятленне афрыканскіх рэалій святлом Евангелля.