MAP

Кардынал Жан-Марк Авелін падчас візіту салідарнасці ў Іерусалім Кардынал Жан-Марк Авелін падчас візіту салідарнасці ў Іерусалім  (AFP or licensors)

Кардынал прапанаваў новы падыход да пілігрымак у Святую Зямлю

Кардынал Жан-Марк Авелін заклікае да "новага тыпу пілігрымавання" ў Святую Зямлю, дзе вернікі будуць не толькі паглыбляць сваю веру, але і праяўляць салідарнасць з мясцовымі хрысціянамі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Французскі кардынал Жан-Марк Авелін лічыць, што нягледзячы на складаную сітуацыю з бяспекай, людзі павінны наведваць Святую Зямлю. "Трэба заахвочваць людзей цікавіцца сітуацыяй на месцы", - сказаў старшыня Канферэнцыі Біскупаў Францыі і арцыбіскуп Марсэля 19 жніўня 2025 года падчас візіту салідарнасці ў Іерусалім.

Касцёл мае асаблівую адказнасць

Іерарх падкрэсліў асаблівую адказнасць Каталіцкага Касцёла перад Касцёлам-Маці ў Іерусаліме. Ён выказаўся за падтрымку "новага тыпу пілігрымавання", дзе вернік шукае не толькі ўмацавання веры, але і праяўляе глыбокую салідарнасць.

Кардынал патлумачыў, што "новы пілігрым" павінен усведамляць рэаліі і цяжкасці мясцовых хрысціян і "разумець, што ў гэтай краіне ёсць хрысціяне, якія ніколі не змогуць здзейсніць пілігрымку, якую здзяйсняе ён, таму што не маюць дазволу перамяшчацца з аднаго раёна ў другі".

Неабходна рэфлексія над сувяззю з юдаізмам

Кардынал Авелін таксама заклікаў да рэфлексіі над неабходнай для жыцця сувяззю паміж хрысціянствам і юдаізмам, "ад якой мы адракаліся на працягу стагоддзяў". Улічваючы цяперашнюю сітуацыю, асабліва пры цяперашнім урадзе Ізраіля і нарастаючы антысемітызм у Еўропе, трэба заняцца комплекснасцю гэтай сувязі.

Мэтай візіту дэлегацыі Касцёла з Францыі ў Святую Зямлю з'яўляецца падтрымка мясцовых хрысціянскіх супольнасцей і "ўсіх сяброў міру" з абодвух бакоў. Галоўным чынам гаворка ідзе пра слуханне. Госці з Францыі, акрамя суму, трывогі і страху, пачулі таксама асцярогі, што "аўтэнтычнае сведчанне не даходзіць да вушэй людзей Захаду".

Дэлегацыя мае намер праінфармаваць Францыю і Еўропу пра сітуацыю на месцы і прадставіць прапановы дзеянняў.
 

20 жніўня 2025, 10:55