Біскупы Калумбіі асудзілі гучнае палітычнае забойства
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Епіскапат Калумбіі выказаў блізкасць сям’і палітыка і заклікаў улады і кампетэнтныя органы працягваць намаганні па ўстанаўленні праўды, каб забойства не засталося беспакараным.
“Заклікаем усіх калумбійцаў не дазволіць скрасці ў нас надзею і рэагаваць мірна, абараняючы прынцыпы і каштоўнасці, якія складаюць нашу нацыянальную тоеснасць”, - напісалі біскупы.
Іерархі таксама нагадалі суайчыннікам пра дэвіз, змешчаны на дзяржаўным гербе: “Свабода і парадак!” – словы, якія адлюстроўваюць фундаментальныя элементы, неабходныя для ўсебаковага развіцця ўсіх грамадзян.
“Гвалт – гэта не шлях да жыцця і прагрэсу, а крыніца новага гвалту і смерці”, - гаворыцца ў пасланні епіскапату, які ад імя ўсяго Касцёла ў Калумбіі запэўніў у гатоўнасці спрыяць міру і гармоніі ў краіне.
Мігель Урыбэ Турбай быў членам кансерватыўнай партыі “Дэмакратычны цэнтр” і планаваў балатавацца ў прэзідэнты на выбарах 2026 года. Падчас мітынгу 7 чэрвеня 2025 года на яго быў здзейснены замах: ён атрымаў два агнястрэльныя раненні ў галаву і быў неадкладна шпіталізаваны. Нягледзячы на некалькі аперацый і намаганні ўрачоў, палітык памёр. У забойстве абвінавачваецца 15-гадовы падлетак; разам з ім былі арыштаваныя яшчэ трое чалавек.
Загінулы палітык нарадзіўся ў сям’і калумбійскай журналісткі Дыяны Турбай, дачкі Хуліа Сесара Турбая Аялы, прэзідэнта Калумбіі ў 1978–1982 гадах. У 1991 годзе яна была выкрадзеная членамі наркакартэля Пабла Эскабара і загінула падчас няўдалай спробы яе выратавання паліцыяй. Мігель заўсёды падкрэсліваў, што мужнасць маці натхняла яго працаваць дзеля будучыні Калумбіі.