Касцельная канферэнцыя Амазоніі праводзіць сустрэчу ў Калумбіі
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Мэта форума – “умацаваць біскупскую калегіяльнасць і рухацца да Касцёла з амазонскім абліччам, прарочага і прысутнага ў жыцці народаў”, - патлумачыў перуанскі кардынал Пэдра Барэта, арцыбіскуп-эмерыт Хуанкая і старшыня CEAMA.
На нарадзе сабраліся 90 біскупаў, якія прадстаўляюць 105 касцельных юрысдыкцый у дзевяці краінах рэгіёну – Балівіі, Бразіліі, Калумбіі, Эквадоры, Гаяне, Французскай Гвінеі, Перу, Сурынаме і Венесуэле.
Форум адбываецца пры падтрымцы Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека. У ім удзельнічае прэфект гэтага ватыканскага ведамства, кардынал Майкл Чэрны.
Кардынал Барэта адзначыў, што Касцёл прысутнічае ў Амазоніі ад самага пачатку евангелізацыі Новага Свету, якая пачалася крыху больш за 500 гадоў таму, аднак у апошні час назіраецца відавочнае ажыўленне яго цікавасці да гэтай велізарнай тэрыторыі, яе народаў і далікатнай экасістэмы.
Іерарх нагадаў, што ў 2015 годзе ўзнікла Панамазонская касцельная сетка. У 2019 годзе рэгіён наведаў Папа Францішак, а ў Ватыкане адбыўся спецыяльны Сінод аб Амазоніі, плёнам якога сталі публікацыя Апостальскай адгартацыі Querida Amazonia і заснаванне асобнай Касцельнай канферэнцыі Амазоніі.
Кардынал Барэта падкрэсліў, што разважанне біскупаў над спецыфікай душпастырскага служэння ў рэгіёне, якое адбываецца ў духу сінадальнасці, мае на мэце, у кантакце з Апостальскай Сталіцай, устанаўленне асаблівага “амазонскага абраду”.