MAP

Удзельнікі Юбілею моладзі ў Рыме Удзельнікі Юбілею моладзі ў Рыме  (@Vatican Media)

Біскуп з Карэі: Юбілей моладзі – генеральная рэпетыцыя СДМ

На Юбілей моладзі ў Рым прыехалі каля 1500 пілігрымаў з Паўднёвай Карэі, з іх каля 1100 — з Сеульскай архідыяцэзіі, якая ў 2027 годзе будзе прымаць Сусветныя дні моладзі.

Ян Глінскі

Разам з маладымі карэйскімі вернікамі ў Вечны горад прыбыў біскуп Пол Кён-Сан Лі, дапаможны біскуп Сеульскай архідыяцэзіі і мясцовы каардынатар СДМ-2027.

У размове з інфармацыйным агенцтвам “SIR” іерарх адзначыў, што праз сустрэчу з Папам маладыя католікі з Карэі прагнуць адчуць любоў Бога. “Яны не хочуць аддаляцца ад Пана і таму ўдзельнічаюць у розных душпастырскіх ініцыятывах”, - дадаў ён.

Біскуп падкрэсліў, што Юбілей моладзі можа шмат чаму навучыць арганізатараў СДМ і з’яўляецца сапраўднай “генеральнай рэпетыцыяй” найбуйнейшага глабальнага каталіцкага моладзевага форуму, які праз два гады прыме Паўднёвая Карэя.

Іерарх адзначыў, што ў падрыхтоўцы да гэтай падзеі жадаюць актыўна ўдзельнічаць карэйскія дзяржаўныя і мясцовыя ўлады. У той жа час ён нагадаў, што краіна стане першай нехрысціянскай дзяржавай, у якой адбудуцца Сусветныя дні моладзі.

“Будзьце адважнымі: Я перамог свет!” (Ян 16, 33) – такая тэма будзе спадарожнічаць удзельнікам форуму, якую выбраў яшчэ Папа Францішак. На думку біскупа, гэтыя словы з Евангелля выражаюць вялікую любоў, якую зведалі таксама карэйскія мучанікі ў эпоху пераследу і дзякуючы якой перамаглі страх.

“Маем надзею, што пакінем забабоны і замкнёнасць, што гэта будзе падзея, на якой гаворыцца пра любоў Бога, абвешчаную Езусам Хрыстом”, - адзначыў дапаможны біскуп Сеульскай архідыяцэзіі.

“Чакаем вас на СДМ! Спадзяёмся, што, прызнаючы Пана сваёй моцай, вы зможаце ачысціць памяць мінулага, адчуць прымірэнне ў сучаснасці і з адвагай адкрыць будучыню. Нашай задачай будзе служыць вам ад усяго сэрца, каб гэтае служэнне адлюстроўвала святло любові Езуса да кожнага”, - падкрэсліў карэйскі біскуп.
 

01 жніўня 2025, 10:52