Біскуп: евангелізацыя немагчымая без асабістага навяртання
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Новыя евангелізацыйныя ініцыятывы ў прынцыпе немагчымыя без таго, што называецца навяртаннем альбо паглыбленнем асабістых адносінаў з Хрыстом у малітве. Аднак гэтага нельга проста загадаць, бо супраціў імпульсам евангелізацыі хутчэй паходзіць знутры, чым звонку”, - сцвердзіў іерарх у інтэрв’ю часопісу “Aufatmen”.
Біскуп Остэр заўважыў, што ў Касцёле ў Германіі, які мае “стабільную структуру і ўсё яшчэ адносна добрае фінансавае забеспячэнне, сілы супраціву пераменам з’яўляюцца велізарнымі”.
У гэтым кантэксце іерарх падкрэсліў важнае значэнне сведчання людзей, якія паслядоўна жывуць Евангеллем, вылучаючыся пасярод таго, што “грамадства прапануе як сярэднія мадэлі жыцця”. “А такія людзі, якія жывуць з глыбіні сэрца, становяцца прывабнымі для іншых, нават для многіх, якія, магчыма, хочуць, але не здольныя жыць так рашуча”, - заўважыў нямецкі біскуп.
Каментуючы з’яву змяншэння колькасці членаў Касцёла, пастыр дыяцэзіі Пасаў адзначыў, што гэта не толькі феномен, які датычыць яго дыяцэзіі ці Касцёла ў Германіі, але ўсяго заходняга свету – “і ва ўсё большай ступені ён закранае таксама Усход і нават глабальны Поўдзень, хоць там гэта пакуль менш адчувальна”.
Паводле слоў іерарха, вельмі моцны імпульс гэтаму працэсу дае лічбавізацыя. “Інтэрнэт, які дзякуючы шматлікім карысным і захапляльным функцыям вельмі хутка “каланізаваў” жыццё ўсіх нас, становіцца з іншага боку чымсьці накшталт заменніка рэлігіі або псеўда-Касцёла: узнікае велізарная сетка сувязяў – нібыта супольнасць, - але насамрэч гэта звычайна толькі ўяўная супольнасць, якая нярэдка паглыбляе і ўзмацняе пачуццё самоты”, - лічыць ён.
Біскуп дадаў, што інтэрнэт, які дае доступ да бясконцых ведаў, бясконцай інфармацыі, а часта нават бясконцага задавальнення патрэбаў, адказвае на схільнасць чалавека да трансцэндэнцыі. “Але гэта толькі псеўдатрансцэндэнцыя”, - папярэдзіў іерарх, адзначаючы, што сацыяльныя сеткі так запраграмаваныя, што робяць людзей залежнымі, выкарыстоўваючы іх цікаўнасць і сістэму ўзнагарод.
“Калі людзі – і не толькі маладыя – праводзяць шмат гадзін штодня ў інтэрнэце і паддаюцца гэтай вялікай прыцягальнасці, то як можа ўзнікнуць глыбокая патрэба сапраўднай сустрэчы з Богам і з іншымі людзьмі?”, - задаецца пытаннем біскуп Штэфан Остэр.