MAP

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Касцёл у Беларусі адгукнуўся на заклік Папы да малітвы за мір

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, заклікаў вернікаў краіны далучыцца да дня малітвы і посту за мір, абвешчанага Львом XIV.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У адказ на заклік Папы, Каталіцкі Касцёл у Беларусі далучаецца да сусветнай ініцыятывы, прысвечанай малітве і посту за мір ва Украіне, на Блізкім Усходзе і ў іншых рэгіёнах свету. Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі 20 жніўня 2025 года выступіў з афіцыйным зваротам да ўсіх католікаў краіны.

Мір патрабуе намаганняў кожнага з нас – не толькі палітыкаў, але і звычайных вернікаў праз малітву

"У адказ на заклік Святога Айца я прашу ўсіх вернікаў Беларусі маліцца за супакой. Я прашу, каб у гэты дзень, падчас цэлебрацыі Эўхарыстыі ў нашых святынях, да малітвы вернікаў быў дададзены заклік аб супакоі", – падкрэсліў арцыбіскуп Станеўскі ў сваім звароце.

Касцёл у Беларусі адгукнуўся на заклік Пантыфіка, які 20 жніўня 2025 года падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане заклікаў усіх католікаў правесці пятніцу 22 жніўня 2025 года ў малітве і посце за мір.

Просім Пана, каб Ён падарыў нам мір і справядлівасць і каб ацёр слёзы тых, хто пакутуе

Святы Айцец падкрэсліў, што “ў той час, калі наша зямля працягвае пакутаваць ад войнаў у Святой Зямлі, ва Украіне і ў многіх іншых рэгіёнах свету”, трэба звярнуцца да Панны Марыі, якая з’яўляецца Маці ўсіх вернікаў на зямлі і ўшаноўваецца як Каралева Супакою.

Варта адзначыць, што 22 жніўня Касцёл адзначае літургічны ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі Каралевы, што надае асаблівае значэнне малітвам за мір, скіраваным праз заступніцтва Багародзіцы.

"Няхай Марыя, Каралева Супакою, выпрасіць для ўсяго свету ласку супакою і згоды", - дадаў арцыбіскуп Станеўскі ў сваім звароце да вернікаў Беларусі.

Згодна з паведамленнем Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі, у каталіцкіх святынях па ўсёй краіне 22 жніўня 2025 года будуць узнесены адмысловыя малітвы аб супакоі, а вернікі заахвочваюцца да захавання посту ў гэты дзень.
 

22 жніўня 2025, 09:58