Барталамей І пра адзінства хрысціян, мір і дату Вялікадня
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Падчас удзелу ў канферэнцыі ў Рыміні, прысвечанай 1700-годдзю Нікейскага Сабора, Патрыярх Барталамей І ў размове з медыя Святога Пасада падкрэсліў важнасць адзінага хрысціянскага сведчання ў свеце, які пакутуе ад шматлікіх канфліктаў.
Ганаровы прадстаяцель усіх праваслаўных вернікаў назваў вайну ва Украіне "скандалам для хрысціянскага свету". Ён лічыць яе “братазабойчай”.
Барталамей І выказаў занепакоенасць сітуацыяй у Газе, дзе "інтарэсы, далёкія ад патрэб насельніцтва, перашкаджаюць справядліваму міру". Ён адзначыў вартасць сумесных намаганняў рэлігійных лідараў і нагадаў, што малітва застаецца "непераможнай зброяй" хрысціян.
Гаворачы пра агульную дату Вялікадня, Патрыярх Канстантынопальскі падкрэсліў неабходнасць адзінства ў святкаванні Уваскрасення Хрыстова, але заўважыў, што патрэбна "пазбягаць новых падзелаў паміж Цэрквамі".
Патрыярх выказаў задавальненне намерам Льва XIV працягваць экуменічны дыялог і з радасцю чакае яго першага візіту ў Турцыю.
З цеплынёй успамінаючы Папу Францішка, Барталамей І адзначыў іх супольныя намаганні на карысць міру, міжрэлігійнага дыялогу і справядлівасці для ўсіх.