Пантыфікат Льва XIV: погляд пратэстанцкага тэолага з ЗША
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
На старонках "National Catholic Reporter" баптысцкі вернік адзначыў, што новы пантыфікат стане чарговым этапам на экуменічным шляху, вызначаным святым Янам Паўлам II. Ён нагадаў, што "Ян Павел II у энцыкліцы “Ut unum sint” найбольш поўна паказаў, што папства можа служыць усім хрысціянам".
Аўгустынская ідэнтычнасць Льва XIV натхняе на аптымізм
Тлумачачы свае экуменічныя спадзяванні, Хармон указаў на "два спосабы разумення баптысцкай ідэнтычнасці ў дачыненні да ўсяго Касцёла", звязаныя з шляхам Джона Сміта, сузаснавальніка першай баптысцкай супольнасці ў 1609 годзе ў Амстэрдаме.
"Некаторыя баптысты лічылі іншыя хрысціянскія традыцыі пазбаўленымі прыкмет сапраўднага Касцёла – падобна як спачатку меркаваў Сміт – але многія іншыя пайшлі яго пазнейшым шляхам, прызнаючы аўтэнтычнасць Касцёла ўсюды, дзе яго можна знайсці", - нагадаў аўтар артыкула.
Ён звярнуў увагу на тое, што баптызм з'яўляецца рухам абнаўлення ўнутры аднаго Касцёла Езуса Хрыста, з харызмай эклезіяльнай свабоды ў запавеце мясцовай супольнасці, падобна як манаскія ордэны, якія жывуць паводле ўласнага правіла супольнага жыцця.
"Аўгустынская ідэнтычнасць Льва XIV, якая пранізвае яго раннія выступленні, натхняе мяне аптымізмам наконт таго, што яго пантыфікат будзе інструментам аднаўлення Касцёла, і не толькі каталіцкага, але ўсіх Касцёлаў", - падкрэсліў тэолаг.
Сінадальнасць і місійнасць – супольныя тэмы
На думку Хармона, "выразнае прыняцце Львом канцэпцыі Папы Францішка аб больш сінадальным Касцёле звязана з аўгустынскім акцэнтам на цноце слухання голасу Бога ў галасах супольнасці".
Сусакратар Змешанай камісіі заўважыў, што "Леў звязаў свой папскі дэвіз “In Illo uno unum” (У Ім Адзіным мы адзіныя) з клопатам пра экуменічнае аднаўленне ўсяго Касцёла". Ён прызнаўся, што быў глыбока кранутым словамі новага Папы, скіраванымі да "сястрынскіх хрысціянскіх Цэркваў" у гаміліі на пачатку пантыфікату.