MAP

Арцыбіскуп Аргуэльё заклікаў моладзь сведчыць пра веру ў грамадстве

Больш за 25 тысяч маладых іспанцаў сабраліся 1 жніўня 2025 года на Плошчы святога Пятра ў Рыме, каб узяць удзел у нацыянальнай сустрэчы ў межах Юбілею моладзі. Эўхарыстыю ўзначаліў арцыбіскуп Луіс Аргуэльё, старшыня Канферэнцыі Біскупаў Іспаніі.

Марыя Валодзіна – Vatican News

У сваёй гаміліі старшыня іспанскага епіскапату нагадаў юнакам і дзяўчатам аб тым, што любоў Божая пралілася ў іх сэрцы і гэтая любоў здольная перамяняць жыццё. Кожны ахрышчаны пакліканы несці гэтае святло туды, дзе пануе цемра. Ён заклікаў моладзь стаць сведкамі веры ў грамадстве. "Нам не хапае таго, каб адкрыта казаць пра веру на плошчах. Каб дэманстраваць цэласнае разуменне чалавека, цела, сексуальнасці, звязанай з дарам жыцця. Давайце з пяшчотай падыдзем да бедных і адзінокіх", - заахвоціў іерарх.

Малітва вернікаў прагучала на іспанскай, баскскай, каталанскай і галісійскай мовах. Моладзь малілася за Касцёл, Папу, за тых, хто пакутуе і страціў надзею, за мір у свеце.

Падчас сустрэчы прагучалі таксама сведчанні маладых людзей, якія падзяліліся сваімі гісторыямі навяртання, крызісаў веры, прабачэння і сустрэчы з Хрыстом.

"Што мяне ўразіла, дык гэта тое, што ёсць тысячы маладых людзей, якім не сорамна казаць, што яны вераць, спяваць, маліцца, абдымацца. Мы таксама хочам рабіць шум, але добры шум, як казаў Папа Францішак", - зазначылі ўдзельнікі сустрэчы.

Сустрэча іспанскай моладзі на ватыканскай плошчы стала часткай вялікага Юбілею моладзі, які 2-3 жніўня працягнецца ў Тор Вергаце чуваннем і Імшой, якую ўзначаліць Леў XIV.

02 жніўня 2025, 10:04