80 гадоў падзелу Карэі: біскупы заклікаюць маліцца аб прымірэнні
Аляксандр Панчанка - Vatican News
15 жніўня 1945 года Японія прызнала сваю паразу ў Другой сусветнай вайне, і Карэя, якая знаходзілася пад яе акупацыяй з 1910 года, была вызвалена. Краіну часова падзялілі саюзнікі па 38-й паралелі: поўнач апынуўся пад юрысдыкцыяй СССР, а поўдзень – ЗША. У 1948 годзе на гэтых тэрыторыях утварыліся дзве дзяржавы – Паўночная і Паўднёвая Карэя. З 1950 па 1953 год паміж імі адбылася вайна, якая скончылася перамір’ем, але мірная дамова не была падпісана да сённяшняга дня.
У пасланні, скіраваным з нагоды Дня малітвы аб прымірэнні і нацыянальным адзінстве, які праводзіцца ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, біскупы выказалі адкрытасць да супрацоўніцтва і дыялогу дзеля міру і ўз’яднання краіны.
“Пасля 35 гадоў пакут пад японскім каланіяльным панаваннем, дзякуючы Божаму Провіду і апецы Найсвяцейшай Панны Марыі, наш народ нарэшце дасягнуў вызвалення. На жаль, радасць працягвалася нядоўга – падзел, які неўзабаве адбыўся, і сёння застаецца крыніцай болю”, - цытуе пасланне карэйскіх каталіцкіх іерархаў ватыканскае інфармацыйнае агенцтва Fides.
Біскупы нагадалі, што з 1965 года ў Паўднёвай Карэі штогод адзначаўся Дзень малітвы за Касцёл у маўчанні, які з 1992 года мае назву Дзень малітвы аб прымірэнні і нацыянальным адзінстве. У яго межах парафіі арганізуюць ініцыятывы і праводзяць набажэнствы “за гаенне адкрытых ран” і “за Касцёл у Паўночнай Карэі”.
Іерархі таксама нагадалі пра пэўнае пацяпленне адносін паміж Паўночнай і Паўднёвай Карэямі, якое назіралася напрыканцы мінулага стагоддзя, але з цягам часу адносіны зноў зайшлі ў тупік. Тым не менш, католікі не губляюць надзеі. Ва ўсіх дыяцэзіях дзейнічаюць Камісіі па нацыянальным прымірэнні, праз якія мясцовы Касцёл аказвае шматбаковую дапамогу жыхарам Паўночнай Карэі, што церпяць з-за стыхійных бедстваў і эканамічных праблем, актыўна спрыяючы дыялогу.
Нагадваючы, што Хрыстус дасягнуў сапраўднага супакою праз ахвяру самога сябе, біскупы падкрэслілі, што “мір нельга пабудаваць, прыгнятаючы іншых зброяй або распальваючы нянавісць і недавер”. Яны заклікалі вернікаў маліцца, каб Божая ласка вылечыла боль падзелу, і заахвоцілі ўсіх карэйцаў жыць як пілігрымы надзеі, упэўненыя ў тым, што немагчымае паводле логікі і інтарэсаў свету, магчыма паводле волі Бога.
Цытуючы Папу Францішка, які назваў нашу планету супольным домам чалавецтва, карэйскія біскупы заклікалі ўсіх жыхароў паўвострава штодня жыць паводле слоў псальма: “Адвярніся ад зла і рабі дабро, шукай супакою і трымайся яго” (Пс 34), а таксама не губляць надзеі, што аднойчы ўвесь Карэйскі паўвостраў стане супольным домам усіх карэйцаў.