20 гадоў таму загінуў брат Ражэ, заснавальнік Супольнасці Тэзэ
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Брат Ражэ Шутц нарадзіўся 12 мая 1915 года ў швейцарскім мястэчку Праванс у сям’і пратэстанцкага пастара. З маладосці ён вывучаў тэалогію і шукаў шляхоў духоўнага аднаўлення і глыбокага жыцця з Богам.
Падчас Другой сусветнай вайны 25-гадовы малады чалавек пакінуў нейтральную Швейцарыю і пераехаў у невялікую французскую вёску Тэзэ ў Бургундыі, недалёка ад знакамітага абацтва Клюні. Там ён пачаў прымаць бежанцаў і тых, хто цярпеў ад жахаў вайны, у тым ліку яўрэяў. Гэты досвед натхніў яго на стварэнне экуменічнай супольнасці, у якой хрысціяне розных канфесій маглі б жыць разам у духу малітвы, братэрства і служэння найбольш уразлівым.
Першыя паплечнікі брата Ражэ былі пратэстантамі, але паступова да іх далучыліся таксама і католікі. Сёння супольнасць налічвае каля 100 братоў розных нацыянальнасцей. Штогод яе наведваюць тысячы маладых людзей з усяго свету, якія прыязджаюць у Тэзэ, каб удзельнічаць у малітоўных сустрэчах, разважаць над Евангеллем і адпачываць у цішыні.
З 1978 года супольнасць арганізуе еўрапейскія сустрэчы моладзі, якія праходзяць у навагодні час у адным з буйных гарадоў кантынента. Сёлета такі форум адбудзецца ў Парыжы.
5 кастрычніка 1986 года ў Тэзэ завітаў святы Ян Павел ІІ. У прамове да моладзі ён параўнаў супольнасць з крыніцай, з якой усе вернікі, як пілігрымы на дарозе, могуць зачарпнуць “жывую ваду, абяцаную Хрыстом, адчуць Яго радасць, распазнаць Ягоную прысутнасць, адказаць на Ягон заклік, а потым ісці далей, каб сведчыць Ягоную любоў і служыць братам” у сваіх парафіях, гарадах і вёсках, школах, універсітэтах і на працоўных месцах. “Няхай будзе благаславёны Хрыстус, які тут, у Тэзэ, як і ў многіх іншых месцах свайго Касцёла, адкрывае крыніцы для ўсіх падарожнікаў, прагнучых Яго, якімі з’яўляемся мы ўсе”, - падкрэсліў Папа.
Брат Ражэ на працягу жыцця атрымаў шмат прэстыжных міжнародных узнагарод, а на яго пахаванні прысутнічалі тагачасныя прэзідэнт Германіі Хорст Кёлер і міністр ўнутраных спраў Францыі Нікаля Сарказі. Развітальную літургію ўзначаліў кардынал Вальтэр Каспер, старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству.