Крызіс прывёў да абнаўлення семінарый у ЗША
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
За апошнія гады духоўныя семінарыі ў ЗША прайшлі грунтоўную рэформу, выкліканую крызісам, звязаным злоўжываннямі духавенства. Арыенцірам стала навучанне Яна Паўла II, а ў тэалогіі Ранера змянілі фон Бальтазар і Ратцынгер.
"Некаторыя семінарыі па-ранейшаму патрабуюць рэформаў, але большасць з іх знаходзіцца ў найлепшым стане за дзесяцігоддзі", - лічыць Джордж Вейгел, біёграф Яна Паўла II і запрошаны выкладчык у многіх семінарыях.
Ксёндз Картэр Грыфін, рэктар семінарыі ў Вашынгтоне, падкрэслівае, што ў рэформе скарысталіся з указанняў Яна Паўла II. Яго адгартацыя “Pastores dabo vobis” стала ў ЗША "вялікай хартыяй семінарыйнай фармацыі".
"У нас ужо ёсць два ці тры пакаленні святароў, адукаваных у адпаведнасці з гэтым дакументам, што выклікала вялікія змены. Глыбокія падзелы, якія закранулі семінарыі ў мінулым, больш не існуюць", - кажа ксёндз Грыфін.
Карміна Чап, дэкан тэалогіі ў семінарыі святога Карла Барамея ў Філадэльфіі, звяртае ўвагу на змены ў тэалагічнай фармацыі. Семінарыі перайшлі ад праграмы, заснаванай на Карле Ранеры, да праграмы, натхнёнай працамі Ганса Урса фон Бальтазара і Бэнэдыкта XVI, з іх зваротам да Святога Пісання і Айцоў Касцёла.
На думку рэктара вашынгтонскай семінарыі, змены адпавядаюць чаканням саміх семінарыстаў. "Людзі, якія ў нашы секулярызаваныя часы вырашаюць абраць святарства, не зацікаўлены “разбаўленым хрысціянствам”. За апошнія 14 гадоў я суправаджаў 250 семінарыстаў, і амаль усе прагнуць моцнага, упэўненага і яснага абвяшчэння поўнага паслання Евангелля", - дадае ксёндз Картэр Грыфін.