MAP

Лагатып Рады біскупскіх канферэнцый Еўропы Лагатып Рады біскупскіх канферэнцый Еўропы 

У Рыме сустрэнуцца адказныя за пакліканні ў епіскапатах Еўропы

У рамках Юбілею моладзі ў Рыме адбудзецца сустрэча прадстаўнікоў еўрапейскіх епіскапатаў, адказных за пакліканні. Сёлетні форум натхнілі словы Льва XIV: “Моладзь – гэта вулкан жыцця” і “Касцёл мае вялікую патрэбу ў пакліканнях”.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Сустрэча арганізавана аддзелам па пытаннях пакліканняў Рады біскупскіх канферэнцый Еўропы (CCEE). Яна пройдзе 30 ліпеня 2025 года ў рымскай штаб-кватэры арганізацыі. Прадстаўнікі еўрапейскіх епіскапатаў, адказныя за пакліканні, абмяркуюць тэму “Стварэнне сувязяў на службе моладзі і душпастырства пакліканняў”.

Арцыбіскуп Джузэпэ Батуры, Генеральны сакратар Канферэнцыі Біскупаў Італіі (CEI) выступіць на тэму “Новыя пакаленні: мяжа міру”. Прафесар Патрыцыя Джунці, старшыня Фонду La Pira, разам з прадстаўнікамі Рады моладзі Міжземнамор’я правядзе прэзентацыю дзейнасці гэтай арганізацыі. Напрыканцы пасяджэння ўдзельнікам будзе прадстаўлены Маніфест моладзі Еўропы “Рэвалюцыя моладзевага духу”.

Увечары ўдзельнікі наведаюць Базіліку святога Аўгустына ў Рыме, у якой захоўваецца знакаміты твор Караваджа “Мадонна пілігрымаў”. Разам з аўгустынцамі яны прымуць удзел у святой Імшы, якую ўзначаліць арцыбіскуп Жазэ Мануэль Кардэйру Гарсія, кіраўнік аддзела па пытаннях пакліканняў Рады біскупскіх канферэнцый Еўропы.

24 ліпеня 2025, 12:36