У Барселоне беатыфікавалі брата Лікарыёна Мэя
Марыя Валодзіна - Vatican News
Гамілію ад імя Святога Айца прамовіў кардынал Марчэла Сэмерара, Прэфект Дыкастэрыі па справах кананізацыі. Ён падкрэсліў, што постаць, жыццё і мучаніцкую смерць благаслаўлёнага Лікарыёна Мэя трэба разглядаць у святле Евангелля. “Хто любіць жыццё сваё, загубіць яго, а той, хто ненавідзіць жыццё сваё на гэтым свеце, захавае яго для вечнага жыцця” (Ян 12,25). Кажучы гэтыя словы, Езус выкрывае самаўлюбёных эгаістаў, нарцысаў, людзей, для якіх іншых не існуе, а ёсць толькі яны самі. Гэтая пазіцыя, як у асабістым, так і ў сацыяльным, палітычным ці эканамічным вымярэнні, непазбежна вядзе да канфрантацыі, болю і смерці.
Сапраўднае хрысціянскае жыццё – гэта адкрытасць на іншых, гэта сустрэча, сяброўства, супрацоўніцтва і салідарнасць. Прыклад такога жыцця даў сам Пан, а благаслаўлёны Лікарыён жыў паводле яго ўзору.
Брат Лікарыён Мэй (свецкае імя – Франсуа Бенжамэн) нарадзіўся ў Швейцарыі ў хрысціянскай сям’і. Актыўны ўдзельнік парафіяльнага жыцця, ён адчуў пакліканне і далучыўся да манаскай кангрэгацыі братоў-марыстаў. Пасля вучобы быў накіраваны ў Іспанію, дзе стаў выдатным выхавацелем і ўзначаліў каталіцкую школу ў бедным раёне Барселоны.
Па словах кардынала Сэмерара, брата Лікарыёна забілі невыпадкова. Ён быў духоўным і адукацыйным аўтарытэтам у сваёй супольнасці. Ягоная місія – выхоўваць дзяцей рабочых у духу Евангелля – была поўнай супрацьлегласцю таму, чаго жадалі анархісты: антырэлігійнай, антыхрысціянскай адукацыі.
Евангельскія словы “ненавідзець жыццё сваё” не значаць грэбаваць сваім жыццём, але і не трымацца за яго эгаістычна, клапочучыся толькі пра сябе і свае інтарэсы. Не жыць толькі для сябе. Быць дарам для іншых. Але як быць здольнымі на гэта? Адказ дае Езус: “Калі хто служыць Мне, няхай ідзе Маім шляхам” (Ян 12:26). Благаслаўлёны Лікарыён зразумеў гэта, таму ён пакінуў сваю краіну, прыняў пакліканне, з любоўю апекаваўся моладдзю, і, урэшце, прыняў крыж. Інакш не магло быць, бо Езус казаў: “І дзе Я, там будзе і слуга Мой” (Ян 12:26), - зазначыў кардынал Сэмерара, дзякуючы Пану за дар благаслаўлёнага Лікарыёна.
“Няхай яго прыклад паказвае нам шлях, а яго заступніцтва дапаможа нам выканаць Тваю задуму збаўлення”, - завяршыў іерарх беатыфікацыйную гамілію.