MAP

Архідыяцэзія Сеула накіроўвае ў Рым больш за тысячу маладых пілігрымаў Архідыяцэзія Сеула накіроўвае ў Рым больш за тысячу маладых пілігрымаў 

Тысячы маладых пілігрымаў едуць у Рым на Юбілей моладзі

28 ліпеня 2025 года ў Рыме стартуе Юбілей моладзі, які збярэ тысячы ўдзельнікаў з розных куткоў свету. Пра падрыхтоўку маладых пілігрымаў з Паўднёвай Карэі і Аравійскага паўвострава паведаміла агенцтва Fides.

Марыя Валодзіна - Vatican News

19 ліпеня ў Сеуле, з удзелам святароў, кансэкраваных асоб, свецкіх вернікаў і моладзі, адбыўся ўрачысты абрад благаслаўлення 1078 маладых карэйскіх пілігрымаў, якія накіроўваюцца ў Італію. Падчас літургіі дапаможны біскуп Сеула і генеральны каардынатар арганізацыйнага камітэта Сусветных дзён моладзі – 2027, мансіньёр Пол Кён-Сан Лі, разважаў над евангельскім фрагментам пра Марту і Марыю, заклікаючы моладзь "памятаць, што сапраўдная мэта пілігрымкі – сустрэць любоў Пана, Які прыйшоў, каб служыць нам". Пілігрымы далі ўрачыстае абяцанне быць добразычлівымі адзін да аднаго і да блізкіх, а таксама быць сведкамі надзеі на працягу ўсяго Юбілею.

З 28 ліпеня па 3 жніўня 2025 года яны наведаюць святыя мясціны Асізі, Мілана, Турына і Рыма. Асаблівым момантам пілігрымкі стане Эўхарыстыя ў рымскай базіліцы святога Хрысагона, якая адбудзецца 31 ліпеня. Яе ўзначаліць кардынал Эндру Ём Су Чжон, арцыбіскуп-эмерыт Сеула. Маладыя пілігрымы будуць маліцца за сваіх паўночнакарэйскіх аднагодкаў, спадзеючыся, што і яны змогуць далучыцца да Сусветных дзён моладзі 2027 года ў Сеуле.

Удзельнікі з Паўднёвай Карэі
Удзельнікі з Паўднёвай Карэі

Пілігрымы з Аравійскага паўвострава

Група з 90 вернікаў з Апостальскага вікарыяту Паўднёвай Аравіі таксама накіроўваецца ў двухтыднёвую пілігрымку па Італіі. Маршрут ахоплівае Падую, Асізі і Сан-Джавані-Ратонда і завершыцца ў Рыме ўдзелам у Юбілеі моладзі з 28 ліпеня па 3 жніўня.

Сярод удзельнікаў — каля 80 маладых людзей з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў і каля 10 з Амана, у суправаджэнні святароў і душпастыраў. "Гэта не проста падарожжа, а шлях веры, час малітвы і магчымасць адчуць, што мы — частка чагосьці большага, чым мы самі", - лічыць айцец Радрыгес, адзін з кіраўнікоў групы.

13 ліпеня біскуп Паола Марцінэлі, Апостальскі вікарый Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў, Амана і Емена, уручыў пілігрымам крыж і сцяг вікарыяту, якія яны будуць несці на працягу ўсёй пілігрымкі. Сам біскуп далучыцца да іх у Рыме, каб разам прайсці праз Святую Браму і прыняць удзел у ключавых падзеях Юбілею моладзі.

22 ліпеня 2025, 11:32