Тыдзень у Беларусі – важнае
Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News
У Навумавічах ушанавалі памяць мучанікаў ІІ Сусветнай вайны. 20 ліпеня 2025 года адбылася малітва з нагоды 82-й гадавіны смерці мучанікаў, у тым ліку благаслаўлёнай Мар’яны Бярнацкай. У навумавіцкім лесе былі расстраляны гітлераўцамі больш за 3 тысячы чалавек. У святой Імшы ўдзельнічалі вернікі з Гродна, якія прыбылі ў пешых пілігрымках. Літургію ўзначаліў біскуп эмэрыт Аляксандр Кашкевіч. На Эўхарыстыі маліліся за Беларусь, каб у ёй панаваў мір, за ўсе сем’і, каб яны на ўзор благаслаўлёнай Мар’яны былі здольныя на ўзаемнае служэнне, адданасць і ахвяру, за мір ва ўсім свеце і ў кожнай сям’і.
Археалагічныя раскопкі праводзяць у Будславе. У Нацыянальным санктуарыі 21 ліпеня 2025 года пачалі новы этап раскопак з удзелам валанцёраў. Падчас прац удалося знайсці вугал старога касцёла. Шурф плануецца пракласці ўздоўж усёй сцяны фасаду старога касцёла, адшукаць ўваход у былую святыню і яе крыпту. Працы праходзяць паралельна з рэканструкцыяй і рэстаўрацыяй існага касцёла, які пацярпеў ад пажару ў 2021 годзе. Архітэктурныя і археалагічныя даследаванні праводзяцца з мэтай аднавіць увесь вялікі комплекс будслаўскага кляштара бэрнардынаў. Жадаючых запрашаюць далучацца да раскопак.
У Магілёве ўшанавалі святую каралеву Ядвігу. 20 ліпеня 2025 года ў парафіі святога Казіміра і святой Ядвігі, дзе нясуць служэнне айцы дамінікане, адбыліся ўрачыстасці ў гонар заступніцы парафіі. У адпустовай святой Імшы ўдзельнічалі вернікі з іншых супольнасцяў Магілёва. Пасля Імшы адбыўся канцэрт, падчас якога выступілі дзеці. Свята працягнулася віктарынай, сустрэчай за сталом. На ўрачыстасць таксама завіталі госці з Афрыкі — каталіцкія студэнты, якія вучацца ў Магілёве. Яны паказалі танец і праспявалі адну са сваіх традыцыйных песень.
У Новалукомлі праходзіць фэст у гонар святой Марыі Магдалены. 26 ліпеня 2025 года святочную Літургію ў аднайменным касцёле ўзначаліў ксёндз Аляксандар Фаміных — дырэктар "Радыё Марыя". Таксама радыё вядзе прамую трансляцыю з фэсту. Свята суправаджае выступ-малітва хору з глыбоцкай парафіі, які сёлета адзначае 25-годдзе сваёй творчасці. Спецыяльна для фэсту хор стварыў новую песню пра святую Марыю Магдалену.
Конкурс "Тракельская рыбалка" сабраў у дыяцэзіяльным санктуарыі аматараў рыбнай лоўлі. 26 ліпеня 2025 года на азёрах у Марыйным садзе санктуарыя Маці Божай Каралевы нашых сем’яў праходзіць конкурс, які пачаўся са святой Імшы ў інтэнцыі ўсіх удзельнікаў. Пасля заканчэння конкурсу запланавана традыцыйная юшка па-тракельску, а ўвечары падвядуць вынікі конкурсу – пераможцы атрымаюць каштоўныя прызы.
Падрыхтавана паводле catholicminsk.by, catholicnews.by, grodnensis.by і ўласнай інфармацыі.