MAP

Тыдзень у Беларусі Тыдзень у Беларусі 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Фэст у Гудагаі, новы арган, акцыя Caritas – агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Фэст у гонар Маці Божай Шкаплернай праходзіць у Гудагаі. 19 і 20 ліпеня 2025 года ў аднайменным санктуарыі ўшаноўваюць Маці Божую з гары Кармэль. Супольнасць гудагайскай парафіі і айцы кармэліты босыя, якія нясуць у ёй служэнне, арганізавалі фэст, у праграме якога – Крыжовы шлях на Кальварыі, начная працэсія са свечкамі і святая Імша, адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту. У нядзелю адбудзецца галоўная адпустовая святая Імша.

Урачыстае ўступленне на пасаду дэлегата салезіянаў Беларусі адбылося ў Мінску. 14 ліпеня 2025 года ў касцёле святога Яна Хрысціцеля ў прысутнасці біскупаў ксёндз Віктар Гайдукевіч уступіў на пасаду інспектарыяльнага дэлегата Салезіянскай дэлегатуры ў Беларусі. Сярод гасцей былі інспектар Варшаўскай салезіянскай інспекторыі, да якой належыць беларускі рэгіён, ксёндз Тадэвуш Ярэцкі, салезіяне, сёстры салезіянкі, члены салезіянскай сям’і.

Яшчэ ў адным касцёле ў Беларусі з'явіўся новы арган. У санктуарыі ў Лагішыне завяршылі ўстаноўку аргана, які быў падораны міністрам замежных спраў Польшчы Радаславам Сікорскім біскупу Казіміру Велікасельцу для санктуарыя Маці Божай Лагішынскай Каралевы Палесся. Гэта адбылося яшчэ ў 2018 годзе, але толькі цяпер сіламі мясцовых вернікаў інструмент зманціравалі. Урачыстае пасвячэнне аргана адбудзецца 26 ліпеня, пасля чаго ў рамках фестывалю Ars Magna Organi на ім адбудзецца першы канцэрт.

Віцебскі Caritas арганізаваў падарожжа на цеплаходзе для людзей з інваліднасцю. У прагулцы па Дзвіне 17 ліпеня 2025 года ўдзельнічалі 63 асобы, з якіх 45 чалавек – людзі з рознымі формамі інваліднасці, якіх суправаджалі іх родныя і супрацоўнікі Caritas. Большасць з удзельнікаў упершыню магла адчуць радасць ад плавання па рацэ. Сярод іх быў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, які далучыўся да падарожжа.

Падрыхтавана паводле catholicnews.by, grodnensis.by і ўласнай інфармацыі.

19 ліпеня 2025, 06:31