MAP

Тыдзень у Беларусі Тыдзень у Беларусі 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Урачыстасці ў Тракелях, новая капліца, набор у каледжы – агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Апостальскі нунцый узначаліў галоўную Імшу на ўрачыстасцях у Тракелях. 11-12 ліпеня 2025 года ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў сабраліся пілігрымы, многія з якіх крочылі пешшу, нягледзячы на складаныя ўмовы надвор'я, з розных куткоў дыяцэзіі. Да пілігрымак далучаўся біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. У першы дзень урачыстасцяў адбылася святая Імша для пілігрымаў, Эўхарыстычная адарацыя, Марыйная працэсія і начная Імша, набажэнствы працягваліся да раніцы. Галоўную святую Імшу ў суботу ўзначаліў прадстаўнік Папы Льва XIV арцыбіскуп Іньяцыа Чэфаліа.

Новую капліцу ў Мінску пасвяціў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. 6 ліпеня 2025 года Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі цэлебраваў першую святую Імшу ў парафіі святога Юзафа ў Навінках, душпастырам якой з’яўляецца айцец Станіслаў Станеўскі, вядомы як духоўны кіраўнік пэрэгрынацыі па Беларусі копій Марыйных абразоў. Парафія была зарэгістравана яшчэ ў 2001 годзе, аднак толькі пасля перарэгістрацыі сёлета распачала душпастырскую дзейнасць. Невялікая супольнасць збіраецца ў арэндаваным пакоі прыватнага дома.

Каледжы ў Баранавічах і Мінску абвясцілі новы набор навучэнцаў. Катэхетычны каледж імя Зыгмунта Лазінскага ў Баранавічах ужо прымае дакументы, а ўступныя экзамены пройдуць у жніўні і верасні. Мэтай каледжа з’яўляецца паглыбленне рэлігійных ведаў, умацаванне веры, развіццё хрысціянскай культуры і падрыхтоўка спецыялістаў для працы ў парафіях у якасці катэхетаў і сямейных кансультантаў. Таксама пачалася рэгістрацыя кандыдатаў для паступлення ў Мінскі тэалагічны каледж iмя святога Яна Хрысціцеля. Тут вядзецца падрыхтоўка свецкіх вернікаў для служэння ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі – у тым ліку для супрацоўніцтва з медыя, развіцця рэлігійнага турызму.

Пачаўся запіс на "Музычную майстэрню" ў Івянцы. Варштаты адбудуцца 21-27 ліпеня 2025 года. "Музычная майстэрня" — штогадовая малітоўна-фармацыйная сустрэча аматараў хрысціянскай музыкі, якія хочуць паглыбіць стасункі з Богам і ўдасканаліць свае музычныя ўменні. Сёлетняя праграма прадугледжвае заняткі па літургічным спеве ў хоры, майстар-класы на выбар: хор праслаўлення, фартэпіяна, гітара, бас-гітара, перкусія, аркестр, тэатр, сцэнаграфія, кантарскі майстар-клас. Таксама запланаваны традыцыйныя джазавыя вечары.

Падрыхтавана паводле catholicminsk.by, grodnensis.by і ўласнай інфармацыі.

12 ліпеня 2025, 07:25