Тыдзень у Беларусі – важнае
Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News
На фэсце ў Будславе сабраліся тысячы пілігрымаў з усёй Беларусі. У тым ліку пешшу і на роварах у Нацыянальны санктуарый сёлета прыбылі 2484 паломнікі – значна болей, чым летась. Пілігрымка з Маладзечна была найбуйнейшай па колькасці ўдзельнікаў. У першы дзень фэсту, 4 ліпеня 2025 года, цэлебрацыю святой Імшы для пілігрымаў узначаліў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска – з інтэнцыяй аб святарскіх і манаскіх пакліканнях для дыяцэзіі. Прывітаў пілігрымаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Далейшая праграма фэсту – традыцыйная: з працэсіяй і святой Імшой апоўначы, галоўнай Імшой удзень 5 ліпеня.
Ва ўрачыстасць святых Пятра і Паўла Мітрапаліт наведаў чатыры парафіі архідыяцэзіі. 29 чэрвеня 2025 года арцыбіскуп Юзаф Станеўскі спачатку ўзначаліў урачыстасць у парафіі святых Апосталаў Пятра і Паўла ў горадзе Капыль. Затым Мітрапаліт наведаў парафію святой Барбары ў Замосці Слуцкага раёну, пасля – парафію святой Ганны ў вёсцы Ленькі. Таксама арцыбіскуп памаліўся разам з вернікамі парафіі Нараджэння святога Яна Хрысціцеля ў вёсцы Вынішчы Слуцкага раёну.
У Тракелях прайшла парафіяльная ўрачыстасць. 2 ліпеня 2025 года ў парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі святкаванне ўключала Імшу раніцай, ўдзень і ўвечары, Ружанец, адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту, урачыстую працэсію з абразом Маці Божай. У малітве ўдзельнічалі святары і вернікі суседніх парафій.
Віцебскі Caritas падарыў вазок з электрарухавіком падлетку з ДЦП. Дабрачынная каталіцкая місія дыяцэзіі арганізоўвала збор сродкаў на працягу Вялікага посту. На заклік адгукнулася 30 парафій дыяцэзіі. На ахвяраванні набылі вазок і перадалі яго Крысціне Бароўка, якая пакутуе ад цяжкай хваробы. Дзяўчынка і яе бацькі падзякавалі ўсім, хто збіраў сродкі. Грошы, якія засталіся, віцебскі Caritas выкарыстоўвае, каб дапамагаць найбольш уразлівым групам. Гэта – інваліды, шматдзетныя сем’і і людзі, якія апынуліся ў складаным фінансавым становішчы.
Падрыхтавана паводле catholicnews.by, catholicminsk.by, grodnensis.by і ўласнай інфармацыі.