MAP

Фотавыстава, прысвечаная святому Яну Паўлу ІІ Фотавыстава, прысвечаная святому Яну Паўлу ІІ 

Святы год: фотавыстава ў Рыме ў гонар святога Яна Паўла ІІ

З нагоды Святога года ў рымскім музеі Кастэль-Сант-Анджэла адкрылася фотавыстава сусветна вядомага фатографа, прысвечаная Вялікаму Папу – святому Яну Паўлу ІІ.

Ян Глінскі

Экспазіцыя “Ян Павел II – чалавек, Папа, святы на фатаграфіях Джані Джансанты” адчыніла свае дзверы 17 ліпеня 2025 года і будзе працаваць да 30 лістапада бягучага года. Па словах ініцыятараў, выстава стане “візуальнай і эмацыйнай данінай павагі аднаму з самых папулярных Папаў нашага часу”.

Ян Павел II быў адной з самых уплывовых постацяў XX стагоддзя, які пакінуў глыбокі след у гісторыі Касцёла і сусветнай палітыцы. Караль Вайтыла нарадзіўся ў польскіх Вадавіцах у 1920 годзе і стаў першым папам-славянінам. Яго пантыфікат працягваўся амаль 27 гадоў, да самай яго смерці – 2 красавіка 2005 года. Ян Павел ІІ быў беатыфікаваны сваім наступнікам Бэнэдыктам XVI у 2011 годзе і кананізаваны Папам Францішкам у 2014 годзе.

Італьянскі фотажурналіст Джані Джансанці (1956-2009) суправаджаў Папу ў яго шматлікіх замежных паездках на працягу сямі гадоў. У 1978 годзе Джансанці стаў міжнародна вядомы сваімі фотапрацамі, на якіх зафіксавана знаходжанне цела забітага італьянскага палітыка Альда Мора. Джансанці працаваў у міжнародным агенцтве "Sygma", фатаграфаваў спартыўныя падзеі, а таксама засяроджваўся на Афрыцы, у першую чаргу на карэнных плямёнах Эфіопіі.

Куратарамі экспазіцыі з’яўляюцца Іларыя Ск’яфіні і Масіма Брэй. Да арганізацыі праекта прычыніліся Міністэрства культуры Італіі, архіў Джансанці, польскія пасольствы ў Італіі і пры Святым Пасадзе, Цэнтр дакументацыі і даследаванняў пантыфікату Яна Паўла II і Папскі польскі каледж.

Фотавыстава, прысвечаная Яну Паўлу ІІ.
Фотавыстава, прысвечаная Яну Паўлу ІІ.
18 ліпеня 2025, 09:09