Фаціма для маленькіх пілігрымаў
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Як паведаміла прэс-сакратар партугальскага санктуарыя, адной з галоўных падзей з'яўляецца штогадовая чэрвеньская сустрэча дзяцей у Фаціме. Сёлета на форум пад дэвізам "Радасць сустрэчы з Езусам" прыбыло больш за 20 тысяч дзяцей з усёй кантынентальнай Партугаліі.
Хоць сустрэчы з дзецьмі ў Фаціме арганізуюцца ўжо больш за 40 гадоў, у мінулым удзел малодшых не быў шматлікім. "Верагодна, уплыў на гэта меў сам характар пасланняў, якія адзначаны заклікамі да навяртання, пакаяння і малітвы", - сказаў біскуп Віржыліу Антунэш, былы рэктар санктуарыя.
У бліжэйшыя месяцы для дзяцей запланаваны рэкалекцыі, фармацыйныя сустрэчы, выставы і супольныя малітвы. Гэтыя ініцыятывы ахопяць таксама дзяцей з інваліднасцю.
Важнай ініцыятывай з'яўляецца музей “Casa das Candeias”, які працуе ўжо больш за дзесяцігоддзе. Там можна пазнаёміцца з гісторыяй жыцця трох візіянераў з Фацімы: Люцыі душ Сантуш, а таксама святых Гіяцынты і Францішка Марту, кананізаваных Папам Францішкам у 2017 годзе. Штодзень музей наведвае некалькі соцень пілігрымаў.