Рымскі Пантэон упрыгожыў манументальны цярновы вянок
Vatican News
Скульптура “Вянок славы” (Corona Gloriae) размешчана ў самым цэнтры Пантэона, пад круглай адтулінай у купале. Калі падысці бліжэй, можна ўбачыць, як у чорнай вадзе адбіваюцца вострыя шыпы вянка, велічны інтэр'ер Пантэона і кавалачак неба, які пранікае ў храм праз адтуліну-окулус, а таксама самога сябе.
“Твор звяртаецца да кожнага. Гэта прабачэнне, адкупленне, якое мы атрымалі праз гэту ахвяру – вялікі дар, які нам даў Пан. Гэта заўсёды глыбока кранала мяне”, - патлумачыла скульптар з Зальцбурга Хельга Фокенхубер. Вада мае вырашальнае значэнне, не толькі эстэтычнае, але і духоўнае. Яна сімвалізуе Хрост – адраджэнне праз Езуса, які вызваліў нас ад зла.
Фокенхубер падпісвае ўсе свае творы лацінскай абрэвіятурай S.D.G. – Soli Deo Gloria. “Вянок славы” саспяваў у ёй больш за трыццаць гадоў. Усё пачыналася з варыяцый на тэму, невялікіх калючых галінак, а шэсць гадоў таму ў тасканскай ліцейні адлілі масіўную бронзавую скульптуру.
У 2023 годзе “Вянок славы” прадстаўляў Аўстрыю на Біенале архітэктуры ў Венецыі. Пасля гэтага аўстрыйскі ўрад прыклаў актыўныя намаганні, каб выставіць твор у Рыме. Тое, што скульптура апынулася менавіта ў Пантэоне – адным з самых знакамітых месцаў Рыма – з'яўляецца заслугай некалькіх устаноў, у першую чаргу, пасольства Аўстрыі пры Святым Пасадзе.
Пантэон належыць Італіі. Пабудаваны як язычніцкі храм усіх багоў, з VII стагоддзя ён з'яўляецца хрысціянскай святыняй і носіць назву Базілікі Святой Марыі ўсіх мучанікаў (ad Martyres). Гэта ўратавала яго ад разбурэння, - нагадаў на адкрыцці выставы сакратар капітула, ксёндз Франка Сарці Сарторы.
Для скульптара тое, што яе твор выстаўляецца ў Рыме менавіта ў Святы год, – не проста шчаслівая выпадковасць. “Гэта быў доўгі шлях, які завяршаецца менавіта цяпер. Здаецца, час сапраўды ідэальны. Гэта вялікі дар. Такое нельга ўявіць”, - заўважыла яна.