MAP

Cкульптурf "Angels Unawares" (Нераспазнаныя анёлы) на Плошчы Святога Пятра Cкульптурf "Angels Unawares" (Нераспазнаныя анёлы) на Плошчы Святога Пятра 

Рым: восем скульптур Цімаці Шмальца да Юбілею 2025

Восем скульптур канадскага творцы Цімаці Шмальца складуць унікальны маршрут гарадской пілігрымкі ў Рыме, запрашаючы наведвальнікаў Юбілею 2025 адкрыць спачуванне як усеагульную мову.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Мастацтва можа стаць магутным сродкам духоўнага пазнання падчас пілігрымкі. Выстава пад назвай "Connecting Pilgrims Through Compassion" (Яднаючы пілігрымаў праз спачуванне) прапануе ўнікальны маршрут гарадской пілігрымкі паміж сімвалічнымі месцамі Вечнага горада.

Кожная скульптура гаворыць мовай спачування і абуджае свядомасць пілігрыма

"Гэты праект – не проста мастацтва, але сапраўдная асабістая вандроўка, каб нанова адкрыць прыгажосць спачування і пераўтваральную сілу мастацтва," - тлумачаць арганізатары.

Маршрут пачынаецца на Плошчы Святога Пятра каля скульптуры "Angels Unawares" (Нераспазнаныя анёлы), якая паказвае лодку з мігрантамі розных рас, культур і гістарычных перыядаў. З сярэдзіны натоўпу вырастаюць крылы анёла, што намякае на прысутнасць святасці сярод людзей на лодцы. Бронзавы помнік быў асвечаны Папам Францішкам у верасні 2019 года з нагоды 105-га Сусветнага дня мігранта і бежанца.

Далей пілігрымы сустракаюць фігуру "Be Welcoming" (Будзьце гасцінныя), усталяваную на Плошчы Святога Пятра ў красавіку 2025 года. Яна нагадвае аб біблійнай гасціннасці і натхнёная фрагментам з Паслання да Габрэяў: "Не забывайцеся таксама пра гасціннасць, бо праз яе некаторыя, не ведаючы, анёлам далі прытулак".

Прымаць гасцей, пілігрымаў, чужаземцаў і вандроўнікаў

Наступны прыпынак – дзве скульптуры каля Шпіталя Святога Духа шт Сасія: "When I Was Sick" (Калі Я быў хворы) і "When I Was Hungry and Thirsty" (Калі Я быў галодны і сасмяглы). Першая з іх, якая паказвае ляжачую і пакрытую тканінай постаць, сімвалізуе хворага і пакутуючага Езуса. Другая – гэта фігура захутанага ў плашч бедняка, які працягвае руку і просіць аб дапамозе, паказваючы на пусты талер і келіх.

У Базіліцы Святога Лаўрэнція ін Лучына пілігрымы могуць убачыць скульптуру "When I Was a Stranger" (Калі Я быў прыхаднем), якая паказвае вандроўніка падчас адпачынку. У Базіліцы Святога Пятра ў Аковах знаходзіцца скульптура "When I Was Naked" (Калі Я быў голы), якая паказвае голага, скурчанага на зямлі жабрака.

Пілігрымка спачування, што злучае розныя месцы Вечнага горада

Далей пілігрымы сустракаюць знакамітую фігуру "Homeless Jesus" (Бяздомны Езус), якую можна ўбачыць у многіх гарадах свету. Яна паказвае постаць, якая спіць на лаўцы. Твар і рукі мужчыны схаваны пад тканінай, але раны ад укрыжавання на яго ступнях выдаюць яго асобу. У 2018 годзе, з нагоды 50-й гадавіны стварэння Супольнасці святога Эгідзія, "Бяздомны Езус" быў размешчаны перад яе галоўнай сядзібай на Плошчы Святога Эгідзія.

Маршрут завяршае скульптура "When I Was in Prison" (Калі Я быў у турме), размешчаная ў садзе каля Базілікі Святога Паўла па-за Мурамі. Яна сімвалізуе справу міласэрнасці ў адносінах да вязняў. Рука, якая высоўваецца з-за кратаў турмы, мае сляды ўкрыжавання і просіць аб жэсце блізкасці і салідарнасці.

Цімаці Шмальц, аўтар скульптур, прапануе таксама аўдыяэкскурсавод на англійскай мове – даступны з дапамогай QR-кода – у форме кароткіх разважанняў мастака, якія заахвочваюць да духоўнага ўдзелу ў пілігрымцы спачування, што злучае розныя месцы Вечнага горада.
 

02 ліпеня 2025, 09:57