MAP

Святы Жан Эд Святы Жан Эд  

Юбілей 2025: святыя заступнікі вітаюць моладзь у Вечным горадзе

Рэліквіі святых Жан-Мары Віянэя і Жана Эда размешчаны ў рымскім касцёле святога Людвіка да верасня. Сёлета спаўняецца стагоддзе кананізацыі абодвух французскіх святых.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Маладыя пілігрымы, якія прыбудуць у Рым на Юбілей Моладзі, змогуць памаліцца перад рэліквіямі святога Жан-Мары Віянэя і Жана Эда. Гэтыя святыні былі дастаўлены ў касцёл святога Людвіка, непадалёк ад Пантэона, дзе застануцца да 8 верасня 2025 года. Нагодай для падзеі сталі Святы Год і стагоддзе кананізацыі абодвух французскіх святых.

“Яны здолелі спалучыць незвычайную святасць жыцця з дзівоснай паспяховасцю апостальства”

Менавіта такую ацэнку даў святым Папа Пій XI, падкрэсліваючы іх унікальнае служэнне Касцёлу і вернікам. Асабліва важным з'яўляецца іх прыклад для маладых людзей, якія шукаюць духоўныя ўзоры.

Генерал заснаванай святым Жанам Эдам кангрэгацыі нагадвае, што Пій XI лічыў гэтага сямнаццацівечнага святара ўзорам прапаведніка і місіянера. "Ён вылучаўся красамоўствам, якое не столькі прыемнае для слыху, колькі эфектыўна здольнае заваяваць сэрца для Хрыста", - адзначае настаяцель эдыстаў.

“Святы, які павінен нас абудзіць, каб мы ішлі да людзей і абвяшчалі ім Добрую Навіну”

Айцец Жан-Мішэль Амурыё падкрэслівае, што постаць святога Жана Эда нядаўна прыгадаў Папа Леў XIV у пасланні з нагоды 100-годдзя яго кананізацыі. Паводле слоў манаха-генерала, гэта святы, які заклікае нас актыўна абвяшчаць Евангелле, асабліва маладым людзям.

"Жан Эд казаў пра сябе, што ўжо ва ўзросце 12 гадоў пачаў пазнаваць Бога. Мне вельмі падабаецца гэты выраз, - прызнаўся айцец Амурыё, - паколькі ён паказвае, што святы меў духоўны досвед ужо як малады чалавек, як падлетак. Гэта кажа нам, што маладыя людзі, дзеці, падлеткі маюць духоўны досвед, і наш абавязак – даць ім магчымасць перажываць яго і спадарожнічаць ім у гэтым".

Айцец Амурыё падкрэслівае, што да такога стаўлення абавязвае эдыстаў іх святы заснавальнік. Дзякуючы яму, акрамя шлюбаў чысціні, убоства і паслухмянасці, яны складаюць дадатковы, чацвёрты шлюб: руплівасці пра збаўленне душ.
 

11 ліпеня 2025, 10:00