MAP

Вежа катэдры ў Сант'яга-дэ-Кампастэла ў Іспані Вежа катэдры ў Сант'яга-дэ-Кампастэла ў Іспані 

Camino de Santiago: 570 тысяч пілігрымаў у 2025 годзе

Паводле прагнозаў паломніцкага бюро ў Сантыяга-дэ-Кампастэла, у 2025 годзе шлях святога Якуба можа прайсці 570 тысяч чалавек, што на 14 працэнтаў больш за папярэдні рэкордны год.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Шлях святога Якуба” перажывае сапраўдны рэнесанс. У 2024 годзе пілігрымку здзейснілі 499 242 асобы, што на 12 працэнтаў больш, чым у 2023 годзе. Для параўнання, у 2000 годзе шлях прайшлі толькі 55 004 пілігрымы.

"Мы назіраем сапраўдную паломніцкую рэвалюцыю..."

"Мы назіраем сапраўдную паломніцкую рэвалюцыю, якая адлюстроўвае глыбокую духоўную патрэбу сучаснага чалавека", - адзначае паломніцкае бюро “Oficina de Acogida al Peregrino”, якое цытуе “Catholic Herald”.

Нягледзячы на тое, што 2025 год не з'яўляецца “Año Santo Compostelano” (Святым годам, які абвяшчаецца, калі свята святога Якуба прыпадае на нядзелю), рост цікавасці тлумачыцца Юбілейным годам, абвешчаным у Каталіцкім Касцёле. Шмат пілігрымаў спалучаюць візіт у Рым з вандроўкай па паўночнай Іспаніі.

Пілігрымы з усяго свету выбіраюць свой шлях да святыні

Найбольшую групу пілігрымаў складаюць іспанцы (43,91 працэнта), на другім месцы – амерыканцы (7,98 працэнта або 39 849 асоб), Вялікабрытанія апынулася на шостым месцы з 13 521 пілігрымам.

Самым папулярным маршрутам застаецца “Camino Francés” (Французскі шлях) – амаль палова ўсіх пілігрымаў выбірае менавіта гэту дарогу – яна вядзе з Сэн-Жан-П'е-дэ-Пор да Сантыяга-дэ-Кампастэла. На другім месцы апынулася “Camino Portugués”, а на трэцім – “Caminho da Costa”. Чацвёртай па папулярнасці застаецца “Camino Inglés”, кароткі маршрут, які звычайна пачынаецца ў Фероле і часта выбіраецца пілігрымамі, якія прыбываюць з Англіі.

Юбілейны год стаў каталізатарам адраджэння паломніцкіх традыцый

Рост цікавасці да “Camino de Santiago” ўпісваецца ў глабальную тэндэнцыю вяртання да рэлігійных паломніцкіх практык. У санктуарыі Маці Божай Фацімскай назіраецца рост наведвальнікаў на 26,5 працэнта, а пілігрымка з Парыжа ў Шартр у 2025 годзе сабрала рэкордную колькасць удзельнікаў.

Улады Іспаніі і Партугаліі абвясцілі праект “Camino Vertical”, выдзеліўшы больш за два мільёна еўра на аднаўленне і прасоўванне менш вядомых шляхоў.
 

12 ліпеня 2025, 11:23